МЕЦ (Metz),

горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мазель. Засн. рымлянамі да н.э. на месцы гальскага паселішча. Каля 130 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Мозель. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Ун-т. Руіны стараж.-рым. пабудоў, шматлікія арх. помнікі 4—18 ст., у т.л. гатычны сабор Сент-Эцьен (13—16 ст.).

У старажытнасці паселішча гальскага племя медыяматрыкаў. Пры рымлянах важны адм. і гандл.-рамесны цэнтр 3 4 ст. рэзідэнцыя епіскапаў. У пач. 6 ст. гал. горад франкскага каралеўства Аўстразіі. Важнейшы культ. цэнтр «Каралінгскага адраджэння». У 870 у складзе Усх.-франкскага каралеўства, эканам. і паліт. цэнтр Латарынгіі. З 13 ст. імперскі горад. У 1552 далучаны да Францыі (замацаваны за ёй у 1648), ператвораны ў ваен. крэпасць. Пасля франка-прус. вайны 1870—71 паводле Франкфурцкага мірнага дагавора 1871 адышоў да Германіі, паводле Версальскага міру 1919 вернуты Францыі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (1940—44).

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)