Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МДЫВА́НІ (Андрэй Юр’евіч) (н. 1.10.1937, Тбілісі),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969, клас А.Багатырова), з 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Найб. значныя дасягненні ў галінах сцэн., аркестравай (сімфанічнай і для нар. інструментаў) і хар. музыкі. Асн. тэмы творчасці — гісторыя і сучаснасць, філас. ідэі і канцэпцыі, своеасабліва звязаныя з нац. праблематыкай. Адметная рыса стылю — накіраванасць на прыгажосць. Як мастак належыць да экспрэсіўнага крыла рамантызму, узбагачанага практыкай 20 ст. У галіне сімф. музыкі — прыхільнік высокага сімфанізму, адзін з заснавальнікаў праграмнай сімфоніі на нац. тэматыку; у харавой музыцы аднавіў на новай аснове традыцыі візант. песнапення і правасл. спеву, стварыў падставу для фальклорна арыентаванага кірунку; у музыцы для нар. аркестра — жанрыст, стваральнік нар.-арк. сімфанізму. Яго тэатр. музыцы ўласцівы яскравая вобразнасць і эмац. спалучэнне эпічнасці з напружаным дынамізмам і кантрастнасцю. Індывід. стыль М. характарызуюць тэатральнасць мыслення, змястоўнасць і глыбіня маст. задум, каларыстычнасць, прыгажосць інтанавання і выразнасць муз. мовы. Сярод твораў: балет «Страсці» («Рагнеда», паст. 1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), муз. камедыя «Дзяніс Давыдаў» (паст. 1982, Саратаў; 1985. Мінск), араторыі «Ванька-Устанька» (1972), «Вольнасць» (1977); 8 сімфоній (1969—99, у т. л. 5-я «Памяць Зямлі» для нар. арк., 1984, і 6-я «Полацкія пісьмёны», 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988), канцэрты для віяланчэлі з арк. (1980), для арк. (1981), уверцюры, паэмы, п’есы для сімф. арк., п’есы для стр. і нар. арк., хар. цыклы «Снапочак», «Вясельныя песні», «Вясельнае застолле», «Янка Купала», «Русь святая» для хору a capella, канцэрты «Прымхі», «Паўночныя кветкі» для хору з суправаджэннем; вак. цыклы, рамансы, музыка для драм. т-ра і кіно.

А.Ю.Мдывані.

т. 10, с. 244

МДЫВА́НІ (Георгій Давідавіч) (26.9.1905, г. Багдаты, Грузія — 10.10.1981),

грузінскі драматург, кінасцэнарыст. Засл. дз. мастацтваў Грузіі (1961). Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1924—26). Дэбютаваў вершамі ў 1920. Аўтар востраканфліктных, палітычна актуальных, публіцыстычных і прасякнутых героікай подзвігу п’ес «Алькасар» (паст. 1936), «Батальён ідзе на Захад» (1941), «Новыя часы» (1952), «Дзень нараджэння Тэрэзы» (1961), «Укралі консула» (1963), «Лілео» (1977), а таксама сцэнарыяў кінафільмаў «Радавы Аляксандр Матросаў» (1948), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне», «Апошні з Сабадура» (абодва 1958), «Хеўсурская балада» (1966) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1955.

т. 10, с. 244

МДЫВА́НІ (Таццяна Герасімаўна) (н. 20.9.1947, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. музыказнавец, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972, клас Г.Куляшовай). З 1967 выкладала ў Маладзечанскім муз. вучылішчы, з 1972 — у Бел. кансерваторыі. З 1989 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы сучаснай бел. і зах.-еўрап. музыкі. Выступае як муз. крытык. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

К. Пендерецкий. «Заутреня»: Вопр. композиции // Laudamus. М., 1992;

Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96 (у сааўт.);

Э.Денисов. «Пять историй господина Кейнера по Бертольду Брехту»: Вопр. композиции // Теоретические проблемы современной музыки. Мн., 1992;

Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Р.І.Сергіенка);

Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музыкальный словарь русско-белорусский. Мн., 1999 (у сааўт).

т. 10, с. 244

МІЖНАРО́ДНАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖАНЧЫ́Н (МДФЖ),

масавая дэмакратычная арг-цыя, якая аб’ядноўвае жанчын свету «для сумеснай барацьбы ў імя заваявання і абароны сваіх правоў грамадзян, маці, працоўных, у імя шчасця дзяцей, забеспячэння міру, дэмакратыі і нац. незалежнасці» (Статут МДФЖ). Створана 1.12.1945 у Парыжы на Міжнар. жаночым кангрэсе. У 1999 у МДФЖ уваходзілі больш за 130 нац. арг-цый больш як 100 дзяржаў. Актыўна ўдзельнічае ў руху прыхільнікаў міру. Вышэйшы орган — з’езд (у ліст. 1998 у Парыжы адбыўся XII з’езд МДФЖ). З’езд выбірае прэзідэнта МДФЖ (з 1998 С.Жан, Францыя) і Кіруючы к-т, які кіруе арг-цыяй паміж з’ездамі. Штаб-кватэра МДФЖ (Кіруючы к-т і Сакратарыят) знаходзіцца ў Парыжы (да 1989 — у Берліне).

т. 10, с. 339