Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (МКЧК),

міжнародная арг-цыя дапамогі ахвярам вайны і стыхійных бедстваў. Створаны ў кастр. 1863 на канферэнцыі прадстаўнікоў 16 краін па ініцыятыве А.Дзюнана. З гэтага часу пачалі ўзнікаць нац. т-вы Чырв. Крыжа (у мусульм. краінах — Чырв. Паўмесяца). Для каардынацыі сваіх намаганняў у 1919 нац. т-вы стварылі Лігу т-ваў Чырв. Крыжа (цяпер Ліга т-ваў Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Сумесна з МКЧК яны склалі Міжнар. Чырв. Крыж (з 1986 — Міжнар. рух Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Пад уплывам і пры ўдзеле МКЧК распрацаваны і прыняты Гаагскія канвенцыі 1907 пра законы і звычаі вайны, Канвенцыя пра ваеннапалонных 1929 і Жэнеўскія канвенцыі 1949 пра ахвяр вайны. Цэнтр. орган — Міжнар. камісія Чырв. Крыжа. Бел. т-ва Чырв. Крыжа ўваходзіць у МКЧК з 1995. Нобелеўскія прэміі міру 1917, 1945, 1963.

т. 10, с. 342

МКРТЧАН (Мгер) (Фрунзе) Мушэгавіч (4.7.1930, г. Гюмры, Арменія—1993),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1971). Нар. арт. Грузіі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1956). У 1946—53 працаваў у Ленінаканскім,драм. т-ры імя А.​Мравяна. З 1956 у т-ры імя Г.​Сундукяна ў Ерэване. Мастацтву акцёра ўласцівы лірызм, спалучэнне камедыйнай імправізацыйнасці з пранікненнем ў характары герояў. Здымаўся ў кіно: «Каўказская палонніца», «Трохвугольнік» (абодва 1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Хатабала» (1971), «Айрык» (1972), «Наапет» (1977), «Міміно» (1978), «Аплявуха» (1980), «Песня мінулых дзён» (1982), «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат» (1984). Дзярж. прэмія Арменіі 1967. Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 10, с. 495

СЛАВІ́СТАЎ МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т (МКС),

выканаўчы орган міжнар. аб’яднання славістаў. Мае на мэце наладжванне міжнар. супрацоўніцтва славістаў для спрыяння развіццю навук пра слав. мовы і л-ры, вывучэнню гісторыі і культуры слав. народаў.

Засн. ў 1955 у г. Бялград на Міжнар. нарадзе славістаў. У складзе к-та 37 краін (2001): усе слав. краіны і некат. неслав., дзе вядзецца навук. праца ў галіне славяназнаўства (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Германія, Італія, ЗША, Францыя і інш.). Ад Беларусі ў к-т уваходзілі К.​Крапіва, М.​Р.​Суднік, уваходзіць Г.​А.​Цыхун (гл. Славістаў беларускі камітэт). С.м.к. узначальвае старшыня, які выбіраецца на 5 гадоў ад краіны, дзе адбудзецца чарговы з’езд. Пры к-це дзейнічае 28 камісій (агульнаслав. лінгвістычнага атласа, выдавецка-тэксталагічная, лінгвістычнай бібліяграфіі, сацыялінгвістыкі, транскрыпцыйная, словаўтварэння, слав. фразеалогіі, слав. літ. моў, археалагічная, лексікалогіі і лексікаграфіі, слав. паэтыкі і стылістыкі, слоўніка стараслав. мовы і гісторыі славістыкі, слав. анамастыкі, грамат. будовы слав. моў і інш.), якія каардынуюць працу славістаў па сваім профілі ў міжнар. маштабе. Праз кожныя 5 гадоў С.м.к. склікае ў слав. краінах Міжнар. з’езды славістаў (адбылося 12 з’ездаў; апошні ў Польшчы, 1998). Паміж з’ездамі праходзяць пленарныя пасяджэнні, на якіх разглядаюцца навук. праблематыка чарговага з’езда, яго праграма, структура і колькасны склад, абмяркоўваецца дзейнасць навук. камісій, выданне прац з’езда і інш.

Г.​А.​Цыхун.

т. 14, с. 500