МЕЙ (Леў Аляксандравіч) (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),
рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.Гейнэ, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, П.Беранжэ, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Анакрэонта, Т.Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.Глінкай, П.Чайкоўскім, А.Барадзіным, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш.
Тв.:
Избр. произв. Л., 1972;
Стихотворения. М., 1985.
т. 10, с. 260
МЕ́ЙЛЕР ((Mailer) Норман) (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),
амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац. рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.Манро).
Т.Я.Камароўская.
т. 10, с. 260
МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн. псеўд. Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),
расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэнопера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.Вагнера).
Л.А.Сівалобчык.
т. 10, с. 260