МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн. псеўд. Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),
расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэнопера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.Вагнера).
Л.А.Сівалобчык.
т. 10, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)