МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),

жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a​2(b​2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.​Багатырова), Алеся («Алеся» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.​Данілюк, Р.​Асіпенка, Г.​Цэпава, В.​Валчанецкая, Л.​Галушкіна, К.​Кудрашова, П.​Дружына, Н.​Галеева, Н.​Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)