МЫ́ЙНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ,
сукупнасць фізіка-хім. працэсаў, якія прыводзяць да ачысткі паверхні розных рэчаў (звычайна валокнаў, тканіны) ад забруджванняў (тлушчу, пылу, сажы, бялковых і інш. рэчываў). Характэрнае для міцэлярных водных раствораў мылаў і сінт. мыйных сродкаў, абумоўленае іх высокай паверхневай актыўнасцю і здольнасцю стабілізаваць часцінкі забруджванняў у аб’ёме мыйнага раствору.
Уключае 2 асн. стадыі: поўнае змочванне забруджанай паверхні мыючай вадкасцю, што ажыццяўляецца пад уздзеяннем любых паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) і прыводзіць да пераходу часцінак забруджванняў у мыючы раствор, і стабілізацыя часцінак, якія ўтварыліся ў выніку адсорбцыі на іх ПАР і ўтварэння адсарбцыйна-сальватных слаёў, што прадухіляюць узбуйненне часцінак і іх паўторнае наліпанне на ачышчаную паверхню. Стабілізацыя абумоўлена міцэлаўтварэннем. Утварэнне міцэл ПАР у мыйным растворы прыводзіць да паглынання забруджванняў у працэсе салюбілізацыі (калоіднага растварэння). М.д. ўзмацняецца мех. уздзеяннем на паверхні рэчаў, якія адмываюцца.
Ф.М.Капуцкі.
т. 11, с. 48
МЫ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,
рэчывы ці сумесі рэчываў, якія ў растворах аказваюць мыйнае дзеянне і выкарыстоўваюцца для ачысткі ад забруджванняў паверхняў розных рэчаў.
Аснова М.с. — паверхнева-актыўныя рэчывы, здольныя да міцэлаўтварэння (гл. Міцэлы). Найб. важнымі з’яўляюцца М.с., прызначаныя да выкарыстання ў водным асяроддзі. Да іх адносяць мылы і шматкампанентныя кампазіцыі сінт. М.с. (СМС), якія не трацяць мыйнай здольнасці ў жорсткай вадзе. Аснова большасці з іх — солі сульфакіслот (найб. пашыраны алкілбензолсульфанаты) і кіслых сульфаэфіраў. Кампазіцыі СМС уключаюць дапаможныя рэчывы (неарган. электраліты), што паляпшаюць мыйнае дзеянне, а таксама спец. дабаўкі (ферменты, бактэрыцыды, стабілізатары пены, пахучыя рэчывы, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць М.с. вадкія, пастападобныя, цвёрдыя (кавалкі, гранулы, парашкі). Выкарыстоўваюць у быце для мыцця бялізны, посуду, шкла, керамічных і інш. вырабаў, як сродкі асабістай гігіены (шампунь, зубная паста), у тэхніцы (тэхн. М.с.) для мыцця розных механізмаў і машын.
Ф.М.Капуцкі.
т. 11, с. 49