Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЯЖА́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (цячэ праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,79 км2, даўж. 1,3 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 3,5 км. Пл. вадазбору 258 км2. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя, участкамі на У і Пд парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і тарфяністыя, пад хмызняком. Пойма шыр. ад 25 м да 300 м, забалочаная. Мелкаводдзе да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй дно ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Зарастае. Упадае р. Шыша.

т. 11, с. 69

МЯЖА́,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ловаць, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Гарадок. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і 39 км ад чыг. ст. Гарадок, 75 км ад Віцебска. 529 ж., 224 двары (1999). Лясніцтва, сепаратарны пункт Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі паселішча (3-е тыс. да н.э.) і 2 курганныя могільнікі.

т. 11, с. 69

МЯЖА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 800 м на ПнУ ад в. Мяжаны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту рапаківі з крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў і таблічак палявога шпату, зернямі цёмна-шэрага і чорнага кварцу. Даўж. 3,6 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 9,4 м, аб’ём 7,2 м³, маса каля 36 т. Прынесены ледавіком каля 14—15 тыс. гадоў назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м.

В.Ф.Вінакураў.

Мяжанскі валун.

т. 11, с. 70

МЯЖА́НСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31. Утвораны 17.7.1924 у Віцебскай акр. (да 26.7.1930). Цэнтр — в. Мяжа. Уключаў 9 сельсаветаў. Скасаваны 8.7.1931, тэрыторыя перададзена ў Суражскі і Гарадоцкі р-ны.

т. 11, с. 70

МЯЖА́НЫ,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Браслаў—Турмантас (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на 3 ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 50 км ад чыг. ст. Друя. 285 ж., 116 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай Анёльскай (1925). Каля вёскі геал. помнік прыроды Мяжанскі валун.

т. 11, с. 70

МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,

частка тэр. Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр. б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).

Літ.:

Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.

Я.К.Анішчанка.

т. 11, с. 70

МЯЖЭ́ВІЧ (Уладзімір Навумавіч) (23.5.1907, пас. Якаўлевічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.7.1982),

бел. пісьменнік, журналіст. Вучыўся ў БДУ (1930—32). З 1925 на камсамольскай рабоце, з 1929 у газ. «Звязда», з 1934 карэспандэнт газ. «Известия» па Беларусі. Ў 1937 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—67 літ. супрацоўнік час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнт газ. «Лесная промышленность». Друкаваўся з 1924. Выдаў зб-кі апавяданняў і нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Шляхам герояў» (1932), «Землякі» (1969), «Яны былі першымі» (1970), «Спатканні на дарогах» (1978), кн. гумару «Аксамітны бляск» (1971). Пісаў для дзяцей: кнігі «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).

т. 11, с. 70