Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГЖЫМАЛО́ЎСКІЯ Валерыян, Клеменс і Юльян, паэты 1-й пал. 19 ст.; браты. Жылі на Віцебшчыне. Супрацоўнічалі ў альманахах «Niezabudka» («Незабудка»), «Rubon» («Рубон»). У 1837 у Пецярбургу выйшаў зб. «Вершы трох братоў Гжымалоўскіх, беларусінаў, у трох тамах», дзе шырока адлюстравана бел. рэчаіснасць (вершы «Роздум над Дзвіной», «Пасля рэдуты ў Асвеі», «Роздум селяніна на ніве» і інш.). Юльян там надрукаваў свае пераклады на польск. мову 11 «Песень беларускага народа». Клеменс з’яўляецца таксама аўтарам камедыі «Слова гонару» (1843), драмы «Перамога дня над ноччу» (Вільня, 1845).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 5, с. 212

ГЖЭ́ЛЬСКАЯ КЕРА́МІКА,

вырабы керамічных прадпрыемстваў у раёне с. Гжэль Раменскага р-на Маскоўскай вобл. У 2-й пал. 18 ст. «чорныя» (простыя) і паліваныя вырабы замяніліся маёлікай (кваснікі, талеркі, цацкі і г.д.) з арыгінальнай шматколернай размалёўкай па белай паліве, часам і з ляпнымі фігуркамі. У 19 ст. выраблялі фарфор, фаянс, паўфаянс. Цяпер традыцыі гжэльскай керамікі працягвае з-д маст. керамікі ў пас. Турыгіна. Вырабы вызначаюцца акруглымі аб’ёмістымі формамі, сакавітай сіняй размалёўкай па белым фоне, выкананай шырокім мазком.

Літ.:

Гжель: Керамика XVIII—XIX вв.;

Керамика XX в.: Фотоальбом. М., 1982.

Г.​А.​Фатыхава.

Да арт. Гжэльская кераміка. Кваснік. 1773.
Да арт. Гжэльская кераміка. Збан-арол. 1796.

т. 5, с. 213