ГЖЫМАЛО́ЎСКІЯ Валерыян, Клеменс і Юльян, паэты 1-й пал. 19 ст.; браты. Жылі на Віцебшчыне. Супрацоўнічалі ў альманахах «Niezabudka» («Незабудка»), «Rubon» («Рубон»). У 1837 у Пецярбургу выйшаў зб. «Вершы трох братоў Гжымалоўскіх, беларусінаў, у трох тамах», дзе шырока адлюстравана бел. рэчаіснасць (вершы «Роздум над Дзвіной», «Пасля рэдуты ў Асвеі», «Роздум селяніна на ніве» і інш.). Юльян там надрукаваў свае пераклады на польск. мову 11 «Песень беларускага народа». Клеменс з’яўляецца таксама аўтарам камедыі «Слова гонару» (1843), драмы «Перамога дня над ноччу» (Вільня, 1845).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)