Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГМІ́НА

(ад польск. gmina воласць),

нізавая адм.-тэр. адзінка ў Польшчы ў 1809—1954 і з 1973, у т. л. ў Зах. Беларусі ў 1921—39. Захопленыя Польшчай у 1920 землі Беларусі таксама былі падзелены на гміны. Сярэдняя плошча гміны і колькасць населеных пунктаў у ёй у кожным ваяводстве былі розныя. Існавалі сельскія і гарадскія гміны. Сельскай гмінай кіравалі войт, гмінныя рада і ўправа (апошняя складалася з войта і лаўнікаў). Фактычна ўсімі справамі гміны распараджаўся войт. У гарадах Польшчы і Зах. Беларусі існавалі гарадскія гміны. Органамі кіравання іх былі бургамістрвял. гарадах наз. прэзідэнт), магістрат і гар. савет. У Польшчы падзел на гміны ліквідаваны ў 1954 і замест іх утвораны грамады. Адноўлены гміны ў 1973.

Я.А.Юхо.

т. 5, с. 312

ГМЫ́РА Барыс Раманавіч

(5.8.1903, г. Лебядзін, Украіна — 1.8.1969),

украінскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў харкаўскія інж.-буд. ін-т (1935), кансерваторыю (1939). З 1936 саліст Харкаўскага, з 1939 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Валодаў голасам мяккага аксамітнага тэмбру, вял. дыяпазону. Першы выканаўца партый Крываноса («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Ціхана Несцерава («Зара над Дзвіной» Ю.Мейтуса), Рушчака («Мілана» Г.Майбарады). Сярод інш. партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Тарас Бульба (аднайм. опера М.Лысенкі). Канцэртны рэпертуар уключаў творы укр., рус. і замежных кампазітараў, нар. песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1939). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 5, с. 312

ГМЫРА́К Лявон

(сапр. Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),

бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.

Тв.:

Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.

Літ.:

Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.

У.М.Конан.

т. 5, с. 312