ГМІ́НА
(ад польск. gmina воласць),
нізавая адм.-тэр. адзінка ў Польшчы ў 1809—1954 і з 1973, у т. л. ў Зах. Беларусі ў 1921—39. Захопленыя Польшчай у 1920 землі Беларусі таксама былі падзелены на гміны. Сярэдняя плошча гміны і колькасць населеных пунктаў у ёй у кожным ваяводстве былі розныя. Існавалі сельскія і гарадскія гміны. Сельскай гмінай кіравалі войт, гмінныя рада і ўправа (апошняя складалася з войта і лаўнікаў). Фактычна ўсімі справамі гміны распараджаўся войт. У гарадах Польшчы і Зах. Беларусі існавалі гарадскія гміны. Органамі кіравання іх былі бургамістр (у вял. гарадах наз. прэзідэнт), магістрат і гар. савет. У Польшчы падзел на гміны ліквідаваны ў 1954 і замест іх утвораны грамады. Адноўлены гміны ў 1973.
Я.А.Юхо.
т. 5, с. 312