ГМЫ́РА Барыс Раманавіч
(5.8.1903, г. Лебядзін, Украіна — 1.8.1969),
украінскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў харкаўскія інж.-буд. ін-т (1935), кансерваторыю (1939). З 1936 саліст Харкаўскага, з 1939 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Валодаў голасам мяккага аксамітнага тэмбру, вял. дыяпазону. Першы выканаўца партый Крываноса («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Ціхана Несцерава («Зара над Дзвіной» Ю.Мейтуса), Рушчака («Мілана» Г.Майбарады). Сярод інш. партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Тарас Бульба (аднайм. опера М.Лысенкі). Канцэртны рэпертуар уключаў творы укр., рус. і замежных кампазітараў, нар. песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1939). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 5, с. 312
ГМЫРА́К Лявон
(сапр. Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),
бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.
Тв.:
Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.
Літ.:
Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.
У.М.Конан.
т. 5, с. 312