Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛАБА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя, пры якім пэўныя віды забруджвальнікаў выяўляюцца па ўсім зямным шары; адна з глабальных праблем сучаснасці (гл. Глабальная экалогія). Бывае глабальнае забруджванне атмасферы, вод, глебы і г.д. або як агульнае забруджванне хім. рэчывамі, у т. л. дыаксідам вугляроду (гл. Парніковы эфект), радыенуклідамі (гл. Радыеактыўнае забруджванне), лёгкалятучымі газамі (напр., фрэонамі), нафтапрадуктамі і інш. Інфармацыя пра глабальнае забруджванне падаецца праз сістэмы глабальнага маніторынгу, у т. л. назіранні на базе міжнар. біясферных запаведнікаў, са штучных спадарожнікаў Зямлі і інш. У фарміраванні глабальнага забруджвання значную ролю адыгрывае вышынны трансгранічны перанос забруджвальнікаў паветр. плынямі (напр., пры ўзрывах ядзерных бомбаў, аварыях на АЭС).

т. 5, с. 280

ГЛАБА́ЛЬНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

раздзел экалогіі, які вывучае агульнабіясферныя заканамернасці прыродных працэсаў і іх змены пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 20 ст., калі пачалі праяўляцца глабальныя экалагічныя праблемы. Разглядае іх на ўзроўні біясферы ў цэлым або дастасавальна да асобных яе падсістэм (гідрабіясферы, аэрабіясферы, глебы і інш.). Практычнае значэнне маюць даследаванні глабальнага забруджвання навакольнага асяроддзя, яго рэальных і патэнцыяльна магчымых наступстваў і ўплываў на стан розных экасістэм. На Беларусі асобныя аспекты глабальнай экалогіі рэалізуюцца праз абагульненне інфармацыі для сістэмы глабальнага маніторынгу (станцыі назіранняў у Бярэзінскім біясферным запаведніку).

т. 5, с. 280

ГЛАБА́ЛЬНЫЯ ПРАБЛЕ́МЫ сучаснасці, праблемы, якія закранаюць інтарэсы чалавецтва ў цэлым і для свайго вырашэння патрабуюць агульных намаганняў без уліку падзелу чалавечага грамадства па розных прыкметах. Умоўна вылучаюць тэарэтычныя і практычныя, вострыя і адкладзеныя, агульныя і прыватныя. Тэарэтычныя глабальныя праблемы ахопліваюць пераважна праблемы грамадскіх і прыродазнаўчых навук: філасофіі, біялогіі, пазнання Зямлі і Космасу, прыроды чалавека, грамадазнаўства і інш. (гл. Навука, Чалавек, Экалогія сацыяльная, Касмалогія і да т.п.). Іх вырашэнне не можа мець завершанага характару, колькі б не доўжыўся перыяд існавання чалавецтва. Практычныя глабальныя праблемы вынікаюць з сённяшняга стану грамадства і абумоўлены яго недасканаласцю (розныя ступені і ўзроўні развіцця асобных яго частак, парушэнне раўнавагі ў адносінах з прыродай і інш.), але пры пэўных умовах яны могуць быць вырашаны ў перспектыве. Асн. з такіх праблем здольны істотна паўплываць на ўмовы існавання чалавецтва, а ў асобных выпадках нават ствараць пагрозу для яго захавання: праблемы вайны і міру, голаду і харчавання, ядзернай бяспекі, антрапагеннага ўздзеяння на прыроду, забруджвання навакольнага асяроддзя, дэмаграфіі, энергет. забеспячэння, вычарпальнасці многіх відаў прыродных рэсурсаў і інш. Глабальнае значэнне пры пэўных умовах сусв. грамадскасць можа надаваць рэгіянальным праблемам, асабліва калі яны ствараюць патэнцыяльную пагрозу для ўсяго насельніцтва ці яго частак у іншых рэгіёнах (напр., праблемы пашырэння небяспечных хвароб, гандлю наркотыкамі, зброяй, забруджвання сусв. акіяна, трансгранічнага пераносу забруджвальнікаў). Наяўнасць агульных для міжнар. супольнасці праблем спараджае дзейнасць міжнар. арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, ЮНЕП, Міжнар. Саюз аховы прыроды, МАГАТЭ і інш.), грамадскіх рухаў і формаў супрацоўніцтва («зялёныя», «Грынпіс», грамадскія фонды ў абарону міру, прыроды, гуманітарныя арганізацыі і інш.), узнікненне новых навук або іх раздзелаў (напр., Глабальная экалогія).

Літ.:

Гудожник Г.С., Елисеева В.С. Глобальные проблемы в истории человечества. М., 1989;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с англ. и фр. М., 1990;

Global competitiveness. New York, 1988.

т. 5, с. 280

ГЛАБА́ЛЬНЫ МАНІТО́РЫНГ,

назіранне за планетарнымі працэсамі і з’явамі ў біясферы, у т. л. за вынікамі антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Уключае вывучэнне, ацэнку стану і прагназаванне змен прыродных працэсаў, кантроль за энергет. і цеплавым балансам Зямлі, узроўнямі радыяцыі, вуглякіслага газу, кіслароду, міграцыяй хім. элементаў, станам Сусветнага акіяна, кліматычнымі зменамі, міграцыямі жывёл і інш. з’явамі прыроды. Ажыццяўляецца ў межах міжнар. праграм навук. даследаванняў на базе наземных станцый, навук.-доследных суднаў, штучных спадарожнікаў Зямлі, біясферных запаведнікаў і інш. Дапаўняецца і звязаны з інш. відамі маніторынгу.

т. 5, с. 280

ГЛАБІГЕРЫ́НАВЫ МУЛ,

фарамініферавы мул, акіянскі і марскі асадак, які складаецца пераважна з ракавін планктонных фарамініфер і іх абломкаў. Звычайна да глабігерынавага мула адносяць асадкі, у якіх больш за 30% (іншы раз да 99%) вуглякіслага кальцыю CaCO3, паводле памеру зерняў — ад пяскоў да тонкіх мулаў. Афарбоўка светлая, часта амаль белая. Глабігерынавы мул укрывае больш як 1/3 плошчы Сусв. акіяна. Асабліва пашыраны ў трапічных і субтрапічных шыротах, у адкрытых частках акіянаў і буйных мораў, на глыбінях ад некалькіх соцень да 5 тыс. метраў.

т. 5, с. 280

ГЛАБІГЕРЫ́НЫ

(Globigerina),

род прасцейшых жывёл атр. фарамініфер кл. караняножак. Некалькі дзесяткаў відаў, у т. л. шмат выкапнёвых. Пашыраны ў цёплых морах, акіянах, вядуць планктонны спосаб жыцця.

Ракавіна порыстая, вапняковая, складаецца з некалькіх шарападобных камер, злучаных паміж сабой. Паверхня камер укрыта доўгімі радыяльнымі калючкамі, якія аблягчаюць «лунанне» ў тоўшчы вады. Ракавіны памерлых глабігерынаў падаюць на дно і ўтвараюць асн. частку глыбакаводнага глабігерынавага мулу.

т. 5, с. 280

ГЛАБІ́Н,

бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).

т. 5, с. 280

ГЛАБО́ІДНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

від чарвячнай перадачы, у якой вядучы элемент — чарвяк мае ўвагнутую (глабоідную) форму. Ад перадачы з цыліндрычным чарвяком адрозніваецца адначасовым зачапленнем большай колькасці віткоў чарвяка з зубамі вядзёнага кола. Здольная перадаваць большыя намаганні, чым звычайная чарвячная перадача, мае большы ккдз (з-за лепшых умоў змазкі). Выкарыстоўваецца звычайна пры вял. нагрузках, а таксама пры неабходнасці стварэння кампактнага і лёгкага абсталявання (у транспартных і горных машынах, самалётах і інш.).

т. 5, с. 280

ГЛАБУЛІ́НЫ

(ад лац. globulus шарык),

група глабулярных бялкоў жывёльнага і расліннага паходжання, найб. пашыраных у прыродзе. Раствараюцца ў разбаўленых растворах солей, к-т і шчолачы, слабарастваральныя ў вадзе (акрамя міязіну і некат. інш.). Уваходзяць у састаў раслінных і жывёльных тканак (складаюць амаль палову сываратачных бялкоў крыві, вызначаюць яе буферную ёмістасць). Большасць глабулінаў — простыя бялкі, некат. звязаны з вугляводамі, ліпідамі (асабліва глабуліны плазмы крыві), нуклеінавымі к-тамі (нейраглабулін), ёдам (тырэаглабулін). Вызначаюць імунныя якасці арганізма (антыцела, камплемент), згусанне крыві (пратрамбін, фібрынаген і інш.), удзельнічаюць у пераносе жалеза (трансферын, гаптаглабін), медзі (цэруплазмін), у рэгуляцыі гемапаэзу (эрытрапаэціны) і г.д. Адносіны альбумін/глабулін у плазме крыві маюць дыягнастычнае значэнне (у норме каля 2, пры запаленчых працэсах памяншаецца).

т. 5, с. 280

ГЛАВА́ЦКАЯ Лідзія Рыгораўна

(н. 1.5.1936, в. Падыгрушша Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. майстар пляцення маст. вырабаў з саломкі. Вучаніца Т.Агафоненка. У творчасці пераважаюць работы анімалістычнага жанру (фігуркі коней, аленяў, пеўняў, паваў і інш.). Дамагаецца надзвычайнага дэкар. эфекту, чаргуючы тонка апрацаваныя рэльефныя саломінкі з гладкімі, збіраючы іх у пучкі ці асобныя дэталі. Стварае таксама творы манум.-дэкар. характару (удзельнічала ў афармленні інтэр’ераў музея Максіма Багдановіча ў Мінску, 1991, і інш.).

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 281