Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛЫ́БА,

Глуба, возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 32 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 1,52 км², даўж. 3,46 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 10,7 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 33,2 км². Схілы катлавіны выш. 13—14 м, пад лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя, да ўрэзу вады расце хмызняк, на Пн — лес. Пойма 5—10 м, вакол заліваў пашыраецца да 250 м, забалочаная. Ва ўсх. ч. возера востраў пл. 0,7 га. Дно пясчанае, глыбей 2—3 м глеістае. Зарастае. Злучана пратокай з воз. Дрысы.

т. 5, с. 306

ГЛЫ́БАВЫЯ ГО́РЫ,

скідавыя горы, падняцці зямной кары, абмежаваныя тэктанічнымі разломамі. Узнікаюць звычайна ў складкавых зонах, якія мелі раней горны рэльеф, але з цягам часу страцілі пластычнасць і былі выраўнаваны дэнудацыяй. Пры наступных узыходных рухах падымаюцца ў выглядзе горстаў, разбітых скідамі на асобныя глыбы (адроджаныя горы). Для глыбавых гор характэрны масіўныя абрысы, стромкія схілы і параўнальна слабая расчлянёнасць.

т. 5, с. 306

ГЛЫБАКАВО́ДНАЯ ЎПА́ДЗІНА,

устарэлая назва жолаба акіянічнага.

т. 5, с. 306

ГЛЫБАКАВО́ДНЫ ЖО́ЛАБ,

гл. Жолаб акіянічны.

т. 5, с. 306

ГЛЫ́БАЎ,

археалагічныя помнікі (гарадзішча мілаградскай культуры, 2 курганныя могільнікі дрыгавічоў) каля в. Глыбаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі 2 жытлаў і 2 гасп. ямы, фрагменты ляпной керамікі, прасліцы, каменная сякера, крамянёвы адшчэп, верхні камень ад зерняцёркі і інш. На могільніках 12 — пач. 13 ст. пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме пад насыпам. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бронзавы крыжык з выемчатай эмаллю.

т. 5, с. 306

ГЛЫ́БАЎ,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 21 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 70 км ад Гомеля. 206 ж., 92 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Глыбаў.

т. 5, с. 306

ГЛЫБАЧА́НСКІЯ ВАЛУНЫ́,

помнік прыроды рэсп. значэння у Беларусі (з 1988), за 5 км на ПдЗ ад в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. 3 валуны шаравата-ружовага парфірападобнага граніту. Найбуйнейшы камень даўж. 4 м, шыр. 2,6 м, выш. над паверхняй зямлі 1,8 м, у абводзе 12 м. Другі валун ляжыць за 30 м на Пн (даўж. 2,3 м, шыр. 2,3 м, выш. над паверхняй зямлі 0,7 м). Трэці камень знаходзіцца за 1 км на ПдЗ ад вёскі, формаю нагадвае вял. прас (даўж. 3,3 м, шыр. 1,4 м, выш. 1,6 м). Глыбачанскія валуны прынесены ледавіком каля 18 — 20 тыс. гадоў назад з раёна г. Выбарг.

В.Ф.Вінакураў.

т. 5, с. 306

ГЛЫ́БАЧКА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нежлеўка, за 18 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,29 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 7,5 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пад лесам і хмызняком, на З участкамі разараныя. Выцякае ручай у р. Нежлеўка.

т. 5, с. 306

ГЛЫ́БАЧКА,

вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на паўн.-ўсх. беразе воз. Глыбачка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 40 км на ПнУ ад Ушач, 85 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Полацк. 827 ж., 336 двароў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнікі прыроды Глыбачанскія валуны.

т. 5, с. 306

ГЛЫБІ́ННАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ

(ням. Tiefenpsychologie),

абагульненая назва шэрагу кірункаў замежнай псіхалогіі 19 — 20 ст. Вывучае т.зв. глыбінныя падсвядомыя псіхічныя працэсы асобы, яе схільнасці і тэндэнцыі, якія супрацьпастаўляюцца працэсам, што адбываюцца на «паверхні» свядомасці. Глыбінная псіхалогія не мае дакладных меж, ахоплівае розныя плыні і школы (псіхааналіз З.Фрэйда, «аналітычная псіхалогія» К.Г.Юнга, «індывідуальная псіхалогія» А.Адлера, эгапсіхалогія, неафрэйдызм і інш.). У трактоўцы матываў паводзін чалавека глыбінная псіхалогія адводзіць актыўную дынамічную ролю бессвядомым матывацыям, якія вывучаюцца спецыфічнымі метадамі (прыёмы псіхааналізу, метады свабодных асацыяцый, псіхадрамы, пражэктыўныя тэсты). Узнікла для патрэб псіхатэрапіі, стымулявала развіццё новай галіны медыцыны, якая разглядае значэнне псіхал. фактараў у саматычных захворваннях (т.зв. псіхасаматыка).

т. 5, с. 307