ГЛЮК
(Gluck) Крыстаф Вілібальд (2.7.1714, Эрасбах, цяпер у межах г. Берхінг, Германія — 15.11.1787),
нямецкі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў муз. класіцызму, рэфарматар оперы 18 ст. Найб. важныя перыяды творчасці звязаны з Венай і Парыжам. Разумеючы неабходнасць рэфармаваць абцяжараную ўмоўнасцямі, далёкую ад рэальнасці традыц. італьян. оперу, ён пачаў гэтую працу ў оперы «Арфей і Эўрыдыка» (1762). Найб. паслядоўна рэфарматарскія прынцыпы ўвасоблены ў «Альцэсце» (1767) і «Парысе і Алене» (1770). У вядомых гісторыка-легендарных сюжэтах акцэнтаваў этычны пачатак. Імкнучыся да прастаты і натуральнай выразнасці ў оперы, да больш цеснага зліцця музыкі з драмай і паэт. словам, гал. элементам муз.-драм. дзеяння ён зрабіў рэчытатыў, узмацніў функцыі аркестра, аднавіў значэнне хору і балетных нумароў, стварыў оперу з яснай структурай. Найважнейшыя палажэнні рэформы сфармуляваў у прадмове да партытуры «Альцэсты». У Парыжы ён напісаў свае лепшыя творы: «Іфігенія ў Аўлідзе» (1774), «Арміда» (1777), «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1779), новыя рэд. «Арфея і Эўрыдыкі» (1774) і «Альцэсты» (1776), пастаноўка якіх завяршыла яго оперную рэформу. Напісаў таксама 5 балетаў, у т. л. «Дон Жуан» (1761), «Аляксандр» і «Семіраміда» (абодва 1765), оды і песні на словы Ф.Г.Клопштака. На творчасць Глюка, прадстаўніка асветніцкага класіцызму, паўплывала ідэалогія «трэцяга саслоўя». Яго рэформа зрабіла вял. ўплыў на муз. т-р 19—20 ст. (Л.Бетховен, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Л.Керубіні, Э.Мегюль і інш.).
Літ.:
Рыцарев С.А. Кристоф Виллибальд Глюк. М., 1987;
Роллан Р. Глюк: По поводу «Альцесты» // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр. М., 1988. Вып. 3;
Querelle des Gluckistes et de Piccinnistes. Genève, 1984.
т. 5, с. 309
ГЛЮКАГО́Н,
бялковы гармон, які выпрацоўвае падстраўнікавая залоза (α-клеткі астраўкоў Лангерганса). Глюкагон — адналанцужковы поліпептыд з 29 амінакіслотных астаткаў. Мал. маса каля 4000. Атрыманы ў 1956 амер. Біяхімікам В.Бромерам у крышт. выглядзе. Стымулюе распад глікагену печані праз актывацыю ферменту фасфарылазы і ў выніку павялічвае канцэнтрацыю цукру ў крыві. З’яўляецца фізіял. антаганістам інсуліну, а таксама стымулятарам яго сакрэцыі. Вядомы т.зв. кішэчны глюкагон (вылучаны з слізістай абалонкі дванаццаціперснай кішкі) з большай мал. масай, у якога, як лічыцца, амаль няма глікагеналітычнага дзеяння, але ёсць выразны інсулінстымулявальны эфект.
т. 5, с. 310
ГЛЮКАЗАМІ́Н,
C6H13O5N, амінацукар, вытворнае глюкозы, у малекуле якой гідраксільная група другога атама вугляроду замешчана амінагрупай (-NH2). У выглядзе N-ацэтыл-D-глюказаміну вельмі пашыраны ў прыродзе: уваходзіць у састаў алігацукрыдаў малака, групаспецыфічных поліцукрыдаў чалавека, жывёл і бактэрый, гліказамінагліканаў (гіялуронавай к-ты, гепарынсульфату), гепарыну, кератансульфату, хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет членістаногіх і клетачныя сценкі грыбоў.
т. 5, с. 310
ГЛЮКАЗУРЫ́Я
(ад глюкоза... + грэч. uron мача),
павышаная наяўнасць глюкозы ў мачы. Бывае пры парушэнні зваротнага ўсысання глюкозы з першаснай мачы ў нырачных канальцах, залішнім ўжыванні вугляводаў, нырачным дыябеце, узмацненні гліколізу і гліканеагенезу пасля мех., хім. ці таксічнага раздражнення ц. н. с., траўмах, інфекц. хваробах, пухлінах мозга і інш.
т. 5, с. 310
ГЛЮКАКАРТЫКО́ІДЫ,
лекавыя прэпараты гармонаў кары наднырачнікаў. У мед. практыцы выкарыстоўваюць натуральны гідракартызон, прэднізалон, дэксаметазон, трыамцыналон, сінафлан, флуметазону півалат. Глюкакартыкоіды ўздзейнічаюць на вугляводны, тлушчавы і бялковы абмен. Маюць процізапаленчае, проціалергічнае і дэсенсібілізуючае дзеянне; выкарыстоўваюцца пры калагенозах, рэўматызме, запаленчых хваробах скуры, алергіі, пры лячэнні вострых лейкозаў, шокавым стане, перасадцы органаў і тканак, пры вострай і хранічнай недастатковасці наднырачнікаў. Пры працяглым ужыванні глюкакартыкоідаў у арганізме развіваецца адмоўны азоцісты баланс, запавольваецца загойванне ран, язваў і інш.; у дзяцей затрымліваецца развіццё і спыняецца рост. Некаторыя глюкакартыкоіды і іх сінт. вытворныя маюць уласцівасці мінералакартыкоідаў, выклікаюць затрымку натрыю ў тканках, гіпакаліямію.
А.С.Захарэўскі.
т. 5, с. 310
ГЛЮКАНЕАГЕНЕ́З,
біяхімічны працэс утварэння глюкозы з невугляводных папярэднікаў. Агульным цэнтр. шляхам глюканеагенезу ў жывых арганізмах з’яўляецца біясінтэз глюкозы з піравінаграднай к-ты (пірувату). Рэалізуецца шляхам абарачэння большасці стадый гліколізу, а неабарачальныя яго стадыі заменены «абходнымі» рэакцыямі. Глюканеагенез пачынаецца карбаксіліраваннем пірувату ў мітахондрыях з ўтварэннем шчаўева-воцатнай к-ты, што потым аднаўляецца ў яблычную к-ту, а затым пераўтвараецца ў шчаўева-воцатную к-ту, якая пасля дэкарбаксіліравання дае фосфаенолпіруват. У абарачальных рэакцыях гліколізу фосфаенолпіруват пераўтвараецца ў фруктоза-1, 6-дыфасфат. Працэс глюканеагенезу завяршаецца неабарачальнымі «абходнымі» рэакцыямі гідролізу фруктоза-1,6-дыфасфату да фруктоза-6-фасфату, глюкоза-6-фасфату і глюкозы. У чалавека і жывёл глюканеагенез адбываецца пераважна ў печані і ў меншай ступені ў нырках і слізістай абалонцы кішэчніка, асабліва актыўна ідзе пры галаданні ў перыяд аднаўлення пасля інтэнсіўнай мышачнай працы. Рэгуляцыя глюканеагенезу ажыццяўляецца ўнутрыклетачнымі (суадносінамі субстратаў і прамежкавых прадуктаў глюканеагенезу, адэназінфосфарных к-т і г.д.) і ўнутрыклетачнымі механізмамі (даступнасцю субстратаў, гармонамі і інш.).
т. 5, с. 310
ГЛЮКО́ЗА,
вінаградны цукар, C6H12O6, монацукрыд з групы гексоз. Самы пашыраны ў прыродзе вуглявод; трапляецца ў свабодным стане (у мёдзе, пладах, кветках і інш. органах раслін, у тканках жывёл і чалавека), уваходзіць у састаў алігацукрыдаў, поліцукрыдаў, гліказідаў, глікапратэідаў, глікаліпідаў, антацыянаў і інш. У біял. аб’ектах існуе ў адной з шматлікіх хіральных формаў (стэрэаізамераў) у выглядзе двух анамераў α- і β-D-глюкозы. Выконвае ролю папярэдніка ў сінтэзе іншых цукроў (D-фруктозы, D-манозы і цукрозы), некат. буд. блокаў нуклеінавых к-т і ліпідаў. У жывых клетках глюкоза служыць гал. крыніцай энергіі. У выніку паслядоўнага шэрагу рэакцый акіслення глюкоза ператвараецца ў розныя вытворныя цукроў з меншай даўжынёй ланцуга (гліколіз, браджэнне, пептозафасфатны шлях) і ў канчатковым выніку распадаецца да CO2 і H2O (аэробнае дыханне). Вызваленая энергія назапашваецца ў форме адэназінтрыфасфату. Распад глюкозы можа ісці і па інш. (другасным) шляху з утварэннем D-глюкуронавай к-ты, якая садзейнічае абясшкоджванню некат. чужародных рэчываў у арганізме, і, L-аскарбінавай к-ты (вітаміну C). У жывёльных клетках глюкоза ўтвараецца з пірувату шляхам абарачэння гліколізу (глюканеагенез), у фотасінтэзуючых клетках — з CO2 і H2O (у цыкле Крэбса). Прэпарат глюкозы выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, медыцыне, ветэрынарыі і інш.
т. 5, с. 310
ГЛЮКОЗАФАСФА́ТЫ,
злучэнні глюкозы з адным або двума астаткамі артафосфарнай к-ты. З’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі вугляводнага абмену.
т. 5, с. 310
ГЛЮ́КСБУРГІ
(ням. Glücksburg, лац. Glücksborg),
Шлезвіг-Гольштэйн-Сёнерборг-Глюксбургі, дацкая, нарв. і грэч. каралеўскія дынастыі. У Даніі правілі Глюксбургі: Крысціян IX [1863—1906], Фрэдэрык VIII [1906—12], Крысціян Х [1912—47], Фрэдэрык IX [1947—72], Маргрэтэ II з 1972; у Нарвегіі: Хокан VII [1905—57], Улаф V [1957—1991], Харальд V [з 1991]; у Грэцыі: Георг І, Канстанцін І [1913—17, 1920—22], Аляксандр [1917—20], Георг II, Канстанцін II [1964—74].
т. 5, с. 310
ГЛЮКУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
COH(CHOH)4COOH, аднаасноўная гексуронавая к-та, якая ўтвараецца з D-глюкозы пры акісленні яе першаснай гідраксільнай групы. D-глюкуронавая кіслата пашырана ў жывёльных і раслінных арганізмах: уваходзіць у склад кіслых мукаполіцукрыдаў, некаторых бактэрыяльных поліцукрыдаў, трытэрпенавых сапанінаў, геміцэлюлоз, камедзей. Свабодная D-глюкуронавая кіслата ў невялікай колькасці ёсць у крыві і мачы жывёл. У выглядзе парных злучэнняў глюкуронавая кіслата (глюкуранідаў) з мачой выдаляюцца некаторыя прадукты абмену рэчываў, у т. л. ядавітыя (фенол, крэзол) і многія лек. рэчывы. Глюкуронавая кіслата з’яўляецца папярэднікам пры біясінтэзе аскарбінавай к-ты.
т. 5, с. 311