«И́СКРА»,
расійскі сатырычны штотыднёвы часопіс. Выдаваўся ў 1859—73 у Пецярбургу на рус. мове паэтам і грамадскім дзеячам В.С.Курачкіным і мастаком М.А.Сцяпанавым (да 1864). Публікаваў сатыр. творы (фельетоны, вершы, апавяданні, эпіграмы, пародыі, публіцыстычныя артыкулы, нарысы і інш.), допісы з правінцый, у якіх асвятляліся праблемы тагачаснага грамадска-паліт. і культ. жыцця. З рэв.-дэмакр. пазіцый выступаў супраць прыгонніцтва, бюракратызму, кансерватызму. Вял. месца займала паэзія, скіраваная супраць т. зв. «чыстага мастацтва». Літ. матэрыялы дапаўняліся малюнкамі ў жанры карыкатуры. Забаронены «за шкодны кірунак».
т. 7, с. 330
«И́СКРА»,
першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар. рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.
Літ.:
Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;
Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;
Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;
Лейпциг, 1984;
Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.
С.В.Говін.
т. 7, с. 330
«ИСКУ́ССТВО»,
часопіс пададдзела мастацтва аддзела нар. асветы Віцебскага губвыканкома і Саюза работнікаў мастацтва Віцебска. Выдаваўся ў 1921 у Віцебску на рус. мове (выйшла 6 нумароў). Публікаваў артыкулы пра маст., тэатр., муз. жыццё горада. На яго старонках выступалі мастакі К.Малевіч, М.Кунін, крытыкі А.Ром, П.Мядзведзеў, дырыжор М.Малько, паэт М.Пустынін і інш. У 1922 аб’яднаны з час. «Работник просвещения», выходзіў пад назвай «Работник просвещения и искусства».
т. 7, с. 331
«ИСКУ́ССТВО КИНО́»,
ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1931—93 у Маскве на рус. мове. Да 1932 наз. «Пролетарское кино», з 1933 — «Советское кино», з 1936 — «И.к.». Выходзіў рознай перыядычнасцю, з 1952 штомесячна (у 1993 — № 1—9). Змяшчаў артыкулы па гісторыі і тэорыі кіно, рэцэнзіі на кінафільмы, сцэнарыі, асвятляў творчасць дзеячаў кіно і інш.
т. 7, с. 331
«ИСТО́РИК-МАРКСИ́СТ»,
савецкі навуковы гіст. часопіс. Выдаваўся ў 1926—41 у Маскве на рус. мове. У 1926—31 орган Т-ва гісторыкаў-марксістаў пры Камуніст. акадэміі і яе Ін-та гісторыі, у 1936—41 — Ін-та гісторыі АН СССР. З пазіцый марксізму асвятляў пытанні гісторыі СССР, Расіі, усеагульнай гісторыі. У 1941 аб’яднаны з «Историческим журналом».
т. 7, с. 348
«ИСТОРИ́ЧЕСКИЕ ЗАПИ́СКИ»,
неперыядычны навук. гіст. зборнік у Расіі. Выдаецца з 1937 у Маскве на рус. мове. У 1937—68 орган Ін-та гісторыі АН СССР, у 1968—91 — Ін-та гісторыі СССР АН СССР, з 1992 — Ін-та рас. гісторыі Рас. АН. Друкуе матэрыялы і артыкулы пераважна па рас. гісторыі. Выйшла 118 тамоў (1990).
т. 7, с. 348
«ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ АРХИ́В»,
1) неперыядычны зборнік дакумент. публікацый па гісторыі Расіі да пач. 20 ст. Выдаваўся ў 1936—54 у Маскве Ін-там гісторыі АН СССР (10 выпускаў).
2) Савецкі навук. гіст. часопіс. Выдаваўся ў 1955—62 у Маскве Ін-там гісторыі АН СССР з удзелам Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС і Гал. архіўнага ўпраўлення пры СМ СССР (6 нумароў у год). Друкаваў дакументы па гісторыі Расіі, СССР, КПСС і міжнар. рабочага руху, артыкулы па крыніцазнаўстве, архівазнаўстве і археаграфіі, крытыка-бібліягр. матэрыялы, інфармацыю пра навук. нарады і хроніку замежнай архіўнай справы.
3) Расійскі навукова-публікатарскі часопіс. Выдаецца з 1992 у Маскве на рус. мове (6 нумароў у год). Друкус архіўныя дакументы па актуальных праблемах рас. і ўсеагульнай гісторыі. Выходзяць 2 дадаткі: «Архіўна-інфарм. бюлетэнь» (4 нумары ў год), у якім друкуюцца пералікі рассакрэчаных дакументаў з архіваў Расіі, нарысы пра рас. гісторыкаў 18—20 ст., бібліяграфія, і (з 1997) «Відэатэка гіст. самаадукацыі».
т. 7, с. 348
«ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
расійскі штомесячны гістарычны навукова-папулярны часопіс кансерватыўна-манархічнага кірунку. Выдаваўся ў 1880—1917 у Санкг-Пецярбургу на рус. мове. Выдаўцы: А.С.Суворын (да 1912) і Б.Б.Глінскі (1912—1917). Публікаваў артыкулы па рас. гісторыі, гісторыі рус. л-ры, геаграфіі і этнаграфіі, перакладныя раманы, мемуары і дзённікі. Быў багата ілюстраваны. Выйшла 147 тамоў.
т. 7, с. 348
«ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,
савецкі штомесячны навукова-папулярны часопіс (працяг час. «Борьба классов»), Выдаваўся ў 1937—45 у Маскве на рус. мове Т-вам гісторыкаў-марксістаў пры Камуніст. акадэміі і яе Ін-там гісторыі; са снеж. 1941 орган Ін-та гісторыі АН СССР. У 1941 аб’яднаны з час. «Историк-марксист». Публікаваў артыкулы па гісторыі КПСС, СССР, Расіі і ўсеагульнай гісторыі, праблемах гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і выкладання гісторыі ў школе. Меў аддзел крытыкі і бібліяграфіі. У 1945 замест «И.ж.» пачаў выходзіць час. «Вопросы истории».
т. 7, с. 348
«ИСТО́РИЯ СССР»,
навуковы часопіс Ін-та гісторыі СССР АН СССР (да 1969 Ін-та гісторыі АН СССР) у 1957—92. Выдаваўся ў Маскве 6 разоў у год. Друкаваў даследчыя артыкулы і паведамленні па гісторыі народаў СССР, рас., сав. і замежнай гістарыяграфіі, крыніцазнаўстве, метадалогіі гіст. даследаванняў, крытыка-бібліягр. матэрыялы, інфармацыю пра навук. жыццё і інш. З 1992 (№ 2) замест «Истории СССР» выходзіць час. «Отечественная история».
т. 7, с. 348