Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.​Варонка, віцэ-старшыні І.​Цвікевіч і Н.​Ліпоўскі, скарбнік П.​Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.​Бароўскі), на Гродзеншчыне (С.​Баран-Нямір), у Вільні (А.​Карабач), Празе (М.​Вяршынін), Рызе (К.​Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 402

БРОНЕТРАНСПАРЦЁР (БТР),

баявая браніраваная колавая або гусенічная машына для перавозкі мотастралкоў (да 28 чал.), вядзення бою ці агнявой падтрымкі, а таксама для разведкі, аховы на маршы, патрулявання, сувязі. Спец. абсталяваныя бронетранспарцёры выкарыстоўваюцца для буксіроўкі гармат і мінамётаў, эвакуацыі параненых, перавозкі боепрыпасаў і інш. грузаў.

Узброены 20-мм аўтам. гарматай і кулямётам або двума кулямётамі, часам гранатамётам і процітанк. кіроўнымі ракетамі. Скорасць колавых бронетранспарцёраў да 110 км/гадз, запас ходу да 1000 км, гусенічных адпаведна да 75 і 400. Бронетранспарцёры часцей за ўсё плывучыя, прыстасаваныя для авіятранспартавання і дэсантавання, аснашчаны радыёстанцыямі, прыладамі для стральбы ноччу і інш. Ёсць на ўзбраенні многіх армій: у краінах СНД — плывучы колавы БТР-80, у ЗША — плывучы гусенічны М113, у ФРГ — плывучы колавы «Фукс» і інш.

Бронетранспарцёр БТР-80.

т. 3, с. 259