Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ (БПЗ),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у т. л. альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ САЦЫЯЛІ́СТАЎ (БПНС),

палітычная партыя ў Зах. Беларусі ў 1922—25. Утварылася як левае крыло Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). Заснавальнік С.​А.​Рак-Міхайлоўскі. Напачатку БПНС не проціпастаўляла сябе сацыял-дэмакратам. Разам з БСДП, Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй удзельнічала ў рабоце Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта і распрацоўцы выбарчай платформы. На выбарах у ліст. 1922 Рак-Міхайлоўскі выбраны паслом у польскі сейм. Пазней да БПНС далучыліся паслы П.​П.​Валошын, П.​В.​Мятла, Б.​А.​Тарашкевіч, якія пад уплывам КПЗБ і КП(б)Б выйшлі з Беларускага пасольскага клуба і 24.6.1925 утварылі самаст. фракцыю ў сейме — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а ў канцы 1925 разам з камуністамі пачалі ствараць аднайм. масавую арг-цыю. З гэтага часу БПНС злілася з КПЗБ.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ (БПП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў ліст. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. БПП дзейнічае на аснове захавання і развіцця традыцый і прынцыпаў с.-д. і рабочага руху. Асн. мэты — пабудова ў Рэспубліцы Беларусь дэмакр. грамадства, стварэнне прававой дзяржавы на прынцыпах духоўнай паліт. і эканам. свабоды чалавека, дабрабыту, маральнасці, сац. справядлівасці і згоды грамадзян. Выступае за аптымальнае спалучэнне рыначных механізмаў і дзярж. рэгулявання, за ўдзел работнікаў наёмнай працы ў кіраванні дзярж. справамі, у абарону правоў і інтарэсаў працоўных, за паліт. падтрымку прафс. руху. Арг-цыі БПП створаны ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Барысаве, Жодзіне, Асіповічах, Салігорску і інш.

т. 2, с. 420

БЕЛАРУ́СКІ ПАСО́ЛЬСКІ КЛУБ (БПК),

нацыянальная пасольская (дэпутацкая) фракцыя ў сейме Польскай Рэспублікі ў 1922—28 і 1928—30. Пасля выбараў 5.11.1922 у БПК уваходзілі 11 паслоў, якія прадстаўлялі Бел. с.-д. партыю (А.​Аўсянік, П.​В.​Мятла, Б.​А.​Тарашкевіч, Ф.​Ярэміч), Бел. хрысціянскую дэмакратыю (А.​В.​Станкевіч), партыі бел. эсэраў (С.​Баран, У.​Каліноўскі, С.​Якавюк), незалежных сацыялістаў (С.​А.​Рак-Міхайлоўскі), а таксама беспартыйныя М.​С.​Кахановіч, В.​Ц.​Рагуля. Тактыку і структуру БПК распрацаваў А.​І.​Луцкевіч. БПК адстойваў сац. і нац. правы бел. народа, займаў становішча апазіцыі ў польскай дзярж. палітыцы, быў салідарны з інш. нац. меншасцямі ў нац. справах і з усімі дэмакр. сіламі Польшчы ў сац. справах. Вызначаўся сваёй паліт. неаднароднасцю. Левае крыло БПК супрацоўнічала з камуністамі і 24.6.1925 стварыла асобны клуб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пасля выбараў 4.3.1928 з прадстаўнікоў Бел. хрысціянскай дэмакратыі і Бел. сял. саюза ўтвораны БПК, які выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе бел. рух. Дзейнічаў паралельна з пасольскім клубам «Змаганне».

А.​М.​Сідарэвіч.

Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А.​Аўсянік, Ф.​Ярэміч, П.​Валошын; у 2-м радзе — В.​Багдановіч, М.​Кахановіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Назарэўскі, А.​Уласаў; стаяць: В.​Рагуля, С.​Якавюк, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, П.​Мятла. Варшава. 1923.

т. 2, с. 454

БЕЛАРУ́СКІ ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ РУХ (БПР),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утвораны ў кастр. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — садзейнічанне пабудове сацыяльна справядлівага грамадства, абарона нац. інтарэсаў Айчыны ва ўсіх сферах, аднаўленне і прымнажэнне сац. заваёў працоўных, захаванне міру і стабільнасці ў грамадстве. Арг-цыі БПР дзейнічаюць у большасці раёнаў і многіх гарадах Беларусі. Друкаваны орган — газ. «Отечество».

т. 2, с. 455

БПР (BPR),

першапачаткова ББПР (BBPR), творчы калектыў італьян. архітэктараў 20 ст. Назва ад першых літар прозвішчаў яго членаў: Дж.​Л.​Банфі (1910—45), Л.​Бельджаёза, Э.​Перэсуці, Э.​Н.​Роджэрс. Для творчасці БПР характэрна спалучэнне прынцыпаў рацыяналізму з індывід. выразнасцю пабудоў, імкненне да паэтычнасці агульнага выгляду з улікам нац. традыцый і гіст. асяроддзя (санаторый у Леньяна, 1937—38; помнік ахвярам вайны, 1948, і небаскроб Торэ Веласка, 1956—58, абодва ў Мілане).

Літ.:

Кацнельсон Р.А. Новейшая архитектура Италии. М., 1963.

т. 3, с. 226