БЕЛАРУ́СКІ ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ РУХ
(БПР),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утвораны ў кастр. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — садзейнічанне пабудове сацыяльна справядлівага грамадства, абарона нац. інтарэсаў Айчыны ва ўсіх сферах, аднаўленне і прымнажэнне сац. заваёў працоўных, захаванне міру і стабільнасці ў грамадстве. Арг-цыі БПР дзейнічаюць у большасці раёнаў і многіх гарадах Беларусі. Друкаваны орган — газ. «Отечество».
т. 2, с. 455
БПР
(BPR),
першапачаткова ББПР (BBPR), творчы калектыў італьян. архітэктараў 20 ст. Назва ад першых літар прозвішчаў яго членаў: Дж.Л.Банфі (1910—45), Л.Бельджаёза, Э.Перэсуці, Э.Н.Роджэрс. Для творчасці БПР характэрна спалучэнне прынцыпаў рацыяналізму з індывід. выразнасцю пабудоў, імкненне да паэтычнасці агульнага выгляду з улікам нац. традыцый і гіст. асяроддзя (санаторый у Леньяна, 1937—38; помнік ахвярам вайны, 1948, і небаскроб Торэ Веласка, 1956—58, абодва ў Мілане).
Літ.:
Кацнельсон Р.А. Новейшая архитектура Италии. М., 1963.
т. 3, с. 226