Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕА́РН

(Barn),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,8 тыс. км². Нас. каля 390 тыс. чал. (1990), значную частку складаюць баскі. Гал. горад — По. На Пд — адгор’і Зах. Пірэнеяў, на Пн — перадгорныя ўзгорыстыя раўніны. Клімат умераны, вільготны. Здабыча прыроднага газу. Хім. і алюмініевы з-ды. Прамысл. цэнтр Баёна (авія- і машынабудаванне, тэкст. і абутковая прам-сць). На Пд — гарнапашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі), у перадгор’ях — пасевы пшаніцы і кукурузы, сады і вінаграднікі. Кліматычны, прыморскі і бальнеалагічны курорт Біярыц.

т. 2, с. 369

БЕАТРЫ́КС II

(Beatrix) Вільгельміна Армгард (н. 31.1.1938, замак Сусдэйк, каля г. Барн, Нідэрланды),

каралева Нідэрландаў з 1980. Старэйшая дачка каралевы Юліяны. Заняла прастол пасля адрачэння маці. Сярод трох яе сыноў прынц Вільгельм — першы нашчадак галандскага трона мужчынскага роду ў 20 ст.

т. 2, с. 369

БЕАТЫФІКА́ЦЫЯ

(ад лац. beatus блаславёны + facere рабіць),

у рымска-каталіцкай царкве акт надання асобе за асабліва праведнае жыццё пасмяротнага тытула «блаславёны». Разглядаецца царквой як ніжэйшая ступень у падрыхтоўцы кананізацыі. З 8 ст. права бкатыфікацыі належыць выключна папе рымскаму.

т. 2, с. 369

БЕ́БЕЛЬ

(Bebel) Аўгуст (22.2.1840, Кёльн — 13.8.1913),

нямецкі палітычны дзеяч, кіраўнік і тэарэтык ням. сацыял-дэмакратыі. На пач. 1860-х г. уключыўся ў рабочы рух, пад уплывам В.Лібкнехта стаў марксістам. У 1867 выбраны прэзідэнтам Аб’яднання ням. рабочых саюзаў. Адстойваў рэв.-дэмакр. шлях аб’яднання Германіі, вёў барацьбу супраць ласальянцаў, якія падтрымлівалі палітыку Бісмарка на аб’яднанне краіны «зверху». У 1869 на з’ездзе ў Айзенаху пад кіраўніцтвам Бебеля і Лібкнехта была створана с.-д. рабочая партыя Германіі. Выступаў супраць вайны з Францыяй, за што быў абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і ў 1872—74 зняволены. Прымаў удзел у Гоцкім аб’яднаўчым з’ездзе ласальянскага Усеагульнага герм. рабочага Саюза і с.-д. рабочай партыі Германіі (1875) і прыняцці Гоцкай праграмы. Арганізатар і кіраўнік 2-га Інтэрнацыянала (1889). Прапагандаваў і абгрунтоўваў матэр. разуменне гісторыі, распрацоўваў праблемы асветы, маралі, жаночыя пытанні. Аўтар прац «Жанчына і сацыялізм» (1883), «З майго жыцця» (1910—14).

т. 2, с. 370

БЕ́БУТАЎ Валерый Міхайлавіч

(18.12.1885, г. Валгаград — 1.11.1961),

рускі рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1934), засл. дз. маст. Татарстана (1945). Творчую дзейнасць пачаў у МХТ (1912). Удзельнічаў (з У.Меерхольдам) у стварэнні Т-ра РСФСР 1-га (1920). З 1924 узначальваў Т-р муз. буфанады (пазней Т-р муз. камедыі). Яго мастацтва было адметнае высокай рэжысёрскай культурай, пошукамі новых выразных сродкаў. Пастаноўкі ў розных тэатрах: «Смерць Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна 91924), «Карневільскія званы» Р.Планкета (1925), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1935), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1940), «Гамлет» У.Шэкспіра (1946 і 1955 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, адзін з лепшых шэкспіраўскіх спектакляў на Беларусі).

т. 2, с. 370

БЕ́ВЕРЫДЖ

(Beveridge) Уільям Генры (5.3.1879, г. Рангпур, Бангладэш — 16.3.1963),

англійскі вучоны-эканаміст. Чл. Брытанскай акадэміі (1937). У 1919—37 дырэктар Лонданскай школы эканам. і паліт. навук. У 1940—44 прэзідэнт Каралеўскага эканам. т-ва. Паслядоўнік Дж.М.Кейнса, імкнуўся спалучыць яго ідэі з ліберальнай дактрынай, выступаючы за больш непасрэдны кантроль дзяржавы над эканомікай. Гал. тэма яго даследаванняў — беспрацоўе. У 1942 па даручэнні брыт. ўрада распрацаваў «план Беверыжда», які прадугледжваў спалучэнне дзярж. палітыкі поўнай занятасці з сац. страхаваннем і ўсеагульнай бясплатнай сістэмай аховы здароўя. Гэты план пакладзены ў аснову сац. палітыкі Вялікабрытаніі пасля 2-й сусв. вайны.

т. 2, с. 370

БЕ́ВІН

(Bevin) Эрнест (9.3.1881, Уінсфард, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 14.4.1951),

палітычны і прафс. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1910—21 у складзе кіраўніцтва заснаванага ім прафсаюза докераў. У 1922—40 ген. сакратар аб’яднанага прафсаюза транспартных і некваліфікаваных рабочых. У 1925—40 член і ў 1937 старшыня Генсавета Брыт. кангрэса трэд-юніёнаў. У 1940—45 міністр працы і нац. павіннасці ў кааліцыйным урадзе У.Чэрчыля. У 1945—51 міністр замежных спраў у лейбарысцкім урадзе К.Этлі. Садзейнічаў ажыццяўленню Маршала плана, заключэнню Брусельскага (1948) і Паўночнаатлантычнага (1949) дагавораў. У 1951 ініцыятар плана эканам. дапамогі Азіі (план Каломба).

т. 2, с. 370

БЕГ,

хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля 2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж. Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.

т. 2, с. 370

БЕ́ГАЙМ

(Behaim) Марцін (6.10.1459, г. Нюрнберг, Германія — 29.7.1507),

нямецкі географ і падарожнік. Шмат гадоў правёў у Партугаліі, дарадчык караля Хуана II па пытаннях навігацыі. У 1484—86 прымаў удзел у партугальскай экспедыцыі Д.Кау ўздоўж зах. ўзбярэжжа Афрыкі. У 1492 стварыў глобус «Зямны яблык» (дыяметрам 0,54 м), які адлюстраваў геагр. ўяўленні аб паверхні Зямлі напярэдадні адкрыцця Новага Свету. Арыгіналам паслужыла карта свету, якая грунтавалася пераважна на даных Пталамея. Глобус Бегайма — найвялікшая гісторыка-геагр. каштоўнасць (захоўваецца ў Нюрнбергскім музеі).

т. 2, с. 370

БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ,

бескілявыя (Ratitae або Gradientes), група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.

Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.

т. 2, с. 370