Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕТАІ́НЫ,

цвітэр-іоны, унутраныя солі хім. злучэнняў, якія маюць карбаксільную групу (-COOH) і чацвярцічны атам азоту ці трацічныя атамы кіслароду і серы, напр. (CH3)3N+CH2COO​-; біпалярныя іоны арган. злучэнняў. Нейтральныя малекулы, у якіх процілеглыя эл. зарады прасторава раз’яднаны. Існуюць у прыродзе як форма амінакіслот у крышталях і водных растворах, як прамежкавыя рэчывы азоцістага абмену многіх раслін і жывёл. Сінт. бетаіны — паверхневаактыўныя рэчывы; выкарыстоўваюцца як эмульгатары палімерызацыі, дыспергатары, антыстатыкі, змочвальнікі ў папяровай, гарбарнай, тэкст. і металаапр. Прам-сці.

т. 3, с. 129

БЕТАНАВО́З,

аўтамабіль для перавозкі бетоннай сумесі. Мае кузаў каўшовага або бункернага тыпу. Кузаў бетанавоза можа быць тэрмаізаляваны ці мець прыстасаванне для абагравання. Бетанавоз з бетонамяшалкамі, якія бесперапынна дзейнічаюць у час перавозкі, наз. Аўтабетонамяшалкамі.

т. 3, с. 129

БЕ́ТЛЕН

(Bethlen) Габар (1580, г. Ілія, Румынія — 15.11.1629),

князь Трансільваніі (Семіграда) у 1623—29, кароль Венгрыі [1620—21]. Кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венг. каралеўстве (з 1619). У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 разам з Чэхіяй выступіў супраць ням. імператара і караля Венгрыі Фердынанда II, заняў значную частку Венг. каралеўства і быў абраны каралём. Час кіравання Бетлена называюць залатым векам Трансільваніі (развіваліся гаспадарка, адукацыя і мастацтва).

т. 3, с. 129

БЕ́ТЛЕХЕМ

(Bethlehem),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Пенсільванія. Засн. ў 1740—41. Каля 70 тыс. ж., у агламерацыі каля 650 тыс. ж. (1990). Чыг. вузел. Буйны цэнтр чорнай металургіі. Металург. камбінат «Бетлехем стыл карпарэйшэн». Прыладабудаванне, харч., швейная прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т. Фестывалі музыкі І.С.Баха. Музеі, мастацкая галерэя. Арх. помнікі 18—19 ст.

т. 3, с. 129

БЕ́ТМАН-ГО́ЛЬВЕГ

(Bethmann Hollweg) Тэабальд фон (29.11.1856, Гогенфінаў, Германія — 2.1.1921),

дзяржаўны дзеяч Германіі. У 1905—07 міністр унутр. спраў Прусіі, у 1907—09 імперскі міністр унутр. спраў і нам. рэйхсканцлера. У 1909—17 рэйхсканцлер-прэм’ер-міністр Прусіі. Абапіраўся на кансерватараў і Каталіцкую партыю цэнтра («Чорна-блакітны блок»). Актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі і развязвання 1-й сусв. вайны. З 1917 у адстаўцы.

т. 3, с. 130

БЕТО́Н

(франц. béton ад лац. bitumen горная смала),

штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).

Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.

На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).

т. 3, с. 130

БЕТОНАЗМЯША́ЛЬНІК,

бетонамяшалка, устаноўка ці машына, дзе змешваюць кампаненты бетоннай сумесі (вяжучае рэчыва, напаўняльнікі, ваду, дабаўкі). Бываюць цыклічнага дзеяння, якія загружаюць матэрыяламі толькі пасля атрымання папярэдняй порцыі (аб’ём порцыі гатовай сумесі 60—1600 л), бесперапыннага дзеяння (прадукцыйнасць 5—120 м³/гадз), перасоўныя і стацыянарныя, гравітацыйныя (з вярчальным барабанам) і з прымусовым мяшакнем кампанентаў. Бетоназмяшальнік на аўтамаб. шасі (аўтабетоназмяшальнік) дастаўляе сумесь да месца работы.

т. 3, с. 130

БЕТОНАЎКЛА́ДЧЫК,

машына для размеркавання, дазіравання, ушчыльнення бетоннай сумесі, аддзелкі пакрыцця, якое ўкладваецца на аснову дарогі, аэрадрома і інш. Бываюць гусенічныя, аснашчаныя слізгальнымі формамі (для ўтварэння кантаў пакрыцця) і аўтам. сістэмамі кіравання рухам і падтрымлівання зададзенага профілю, і колавыя, якія выкарыстоўваюць для ўтварэння пакрыцця зборную апалубку (рэйка-форма). Шырыня паласы 3,5—7 м, прадукцыйнасць 40—50 м³/гадз. Для вырабу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюцца бетонаўкладчыкі са стужачнымі, вінтавымі, вібралатаковымі сілкавальнікамі і інш. Сусв. вядомасць маюць бетонаўкладчыкі вытворчасці ЗША, Германіі.

т. 3, с. 130

БЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя вырабы і канструкцыі з бетону. З-за недастатковай трываласці на расцягванне выкарыстоўваюцца ў асноўным у частках будынкаў і збудаванняў, дзе пераважаюць намаганні сціскання, напр., сценавыя камяні і блокі, фундаментныя блокі, слупы, тратуарныя пліты і інш.; таксама пры ўзвядзенні масіўных збудаванняў (плацін, падпорных сцен, маставых апор). Для збудаванняў, дзе неабходна ўспрымаць намаганні расцягвання, бетонныя вырабы і канструкцыі ўзмацняюць стальной і інш. арматурай (гл. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі).

Фармуюць вырабы і ўшчыльняюць бетонную сумесь вібрыраваннем (сумесь з адносна малой колькасцю вады), цэнтрыфугаваннем (вытв-сць жалезабетонных труб), вібравакуумаваннем (сумесь з адносна вял. колькасцю вады), вібрапрасаваннем (танкасценныя канструкцыі). Даўгавечныя, вогнеўстойлівыя, эканамічныя.

т. 3, с. 130

БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.

Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец. бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл. Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.

т. 3, с. 130