Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕШАНКО́ВІЦКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю візант. кірунку. Пабудавана ў 1870 з цэглы ў цэнтры г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Цэнтрычны крыжова-купальны 5-купальны храм. Вертыкальная накіраванасць кампазіцыі ўзмацняецца адсутнасцю гарыз. чляненняў, верт. выцягнутасцю фасадных плоскасцяў, выкарыстаннем лапатак на ўсю вышыню фасадаў, высока ўзнятых вузкіх арачных аконных праёмаў і нішаў, вял. цокальнага падмурка. У арх. дэкоры выкарыстаны элементы стараж.-рус. дойлідства. Унутраная прастора дынамічна расчынена ў светлавы барабан,. моцная канструкцыя якога трымаецца на ветразях і 4 масіўных слупах.

А.М.Кулагін.

т. 3, с. 134

БЕШАНКО́ВІЦКАЯ КЕРА́МІКА , традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Вядомая са стараж. часоў. У 1930-я г. працавала каля 30 майстроў«паліўнікаў», якія выраблялі паліваны посуд (гаршкі, гарлачы, збаны, слоі, міскі, глякі, цукарніцы і інш.). Бешанковіцкая кераміка вылучалася простымі геам. формамі, светла-чырвоным колерам, амаль поўнай адсутнасцю дэкору (зрэдку ўжываўся геам. штамп), разнастайнымі памерамі, у залежнасці ад якіх вырабы мелі розныя назвы: 10-літровы гаршчок называўся «штука», 5-літровы — «пугар», 2,5-літровы — «пяцярык», літровы — «семярык» і г.д. 100 «штук» складалі камплект. Была пашырана вытв-сць цацак. У 1934 створана арцель, пазней — прамкамбінат (існаваў да 1945). У 1950—70-я г. промыслам займаліся асобныя майстры, сярод якіх А.С.Бельскі, Т.Дз.Балтовіч.

У.В.Угрыновіч.

т. 3, с. 134

БЕШАНКО́ВІЦКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1977 у г.п. Бешанковічы як музей баявой славы, з 1987 — гіст.-краязнаўчы музей. Пл. экспазіцыі 311 м², каля 6,8 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (касцяныя наканечнікі стрэл, каменныя і рагавыя сякеры, бівень маманта, фрагменты гліняных гаршкоў з раскопак, карты археал. помнікаў на тэр. раёна), матэрыялы пра падзеі часоў Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, калектывізацыі, Вял. Айч. вайны (абарончыя баі 1941, дзейнасць падп. антыфаш. арг-цый, партыз. атрадаў, брыгады «За Савецкую Беларусь», вызваленне раёна ў 1944). У экспазіцыі творы жывапісу, графікі, скульптуры (дыярама А.Гарбунова «Бітва пад Астроўнам у 1812», карціна В.Ціханенкі «Кірмаш у Бешанковічах» і інш.).

А.В.Крачкоўскі.

т. 3, с. 134

БЕШАНКО́ВІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Створаны ў 1770-я г. Належаў Агінскім, з 1786 Храптовічам. У ансамбль уваходзяць палац, парк з вадаёмамі, гасп. пабудовы.

Палац — мураваны П-падобны ў плане; складаецца з 2-павярховага цэнтр. корпуса і 1-павярховых бакавых. Гал. фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, вырашаны плоскасна з невял. рызалітам у цэнтры, завершаным трохвугольным франтонам. Дэкор сціплы: ажурны балкон у стылі ампір (чыгуннае ліццё), простыя карнізы, неглыбокія нішы. Парк — першапачаткова рэгулярнага тыпу. Пейзажныя куткі арганізаваны вакол 2 ставоў, адзін з якіх круглы ў плане з выспай пасярэдзіне, другі — з невял. паўвыспай. на якой стаяла альтанка. У канцы 18 — пач. 19 ст. за палацам пабудавана аранжарэя, пасаджаны сад, разбіты кветнікі. У 1820 пастаўлены помнік рас. імператару Аляксандру І. У парку мясц. пароды дрэў (дуб, ліпа, клён) і шэраг экзотаў.

А.М.Кулагін.

т. 3, с. 134

БЕШАНКО́ВІЦКІ РАЁН,

у цэнтры Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 24,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал/км². Цэнтр раёна — г.п. Бешанковічы; г.п. Ула, 235 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Астровенскі, Бачэйкаўскі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі, Драздоўскі, Пліскі, Рубежскі, Свячанскі, Сокараўскі, Соржыцкі.

Паўночная ч. раёна ў межах Полацкай нізіны, паўднёвая — у межах Чашніцкай раўніны. Больш за 90% паверхні ляжыць на выш. да 150 м, найвыш. пункт 179,8 м (каля в. Пліса). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. матэрыялы. Сярэдняя т-ра студз. -7,5, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 185 дзён. Рэкі — Зах. Дзвіна і яе прытокі Ула са Свячанкай, Крывінка з Бярозкай. У межах раёна 55 азёраў. Самыя вял. з іх Саро, Бораўна, Белае возера, Астровенскае возера, Слабадское возера. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 20% тэр., пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 61,6 тыс. га, з іх асушана 24,5 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 15 калгасаў і 5 саўгасаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод, ф-кі маст. і рымарскіх вырабаў) і харч. (малочны з-д, хлебакамбінат, кансервава-гароднінасушыльны завод) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Лепель—Віцебск, Шуміліна—Сянно. У раёне 14 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пач. школы, дапаможная школа-інтэрнат, школа мастацтваў, муз. і спарт. школы, ПТВ, 9 дзіцячых устаноў. 23 клубныя ўстановы, 34 б-кі, 4 бальніцы, 11 фельч.-ак. пунктаў. Зоны адпачынку па р. Ула і часткова на ПнУ — Астроўна—Лётцы. Гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі прыроды і архітэктуры: парк у в. Бачэйкава, парк «Саломінка» і Мікалаеўская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Дабрыгоры, царква Казанскай Маці Божай пач. 20 ст. ў в. Дарагакупава, сядзіба «Нізгалава» 2-й пал. 19 ст. ў в. Двор Нізгалава, Мікалаеўская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Слабодка. Выдаецца газ. «Зара».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Бешанковіцкага р-на. Мн., 1991.

С.І.Сідор.

т. 3, с. 134

БЕШАНКО́ВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.П.Сапунова) або 1460 (паводле В.В.Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс. ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс. ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 135

БЕШТА́У,

пяцівяршынная гара-лакаліт на Паўн. Каўказе, у Расіі. Выш. 1400 м. Шыракалістыя лясы. Паблізу г. Пяцігорск, паміж Бештау і г. Жалезная курорт Жалезнаводск.

т. 3, с. 135