Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЦ Уладзімір Аляксеевіч

(26.4.1834, в. Татараўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.10.1894),

украінскі анатам і гістолаг. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860), дзе і працаваў да 1889. У 1861—68 працаваў у Вене ў К.Людвіга, у Гейдэльбергу ў Г.Гельмгольца. Навук. працы па анатоміі, клінічнай медыцыне. Заснавальнік вучэння пра архітэктоніку кары галаўнога мозга. Апісаў рухальную зону кары галаўнога мозга (1873) і вызначыў (1874) у ёй гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца). Распрацаваў арыгінальную методыку рыхтавання зрэзаў праз цэлае паўшар’е галаўнога мозга. Правёў сістэматычныя даследаванні развіцця і росту касцей (1887). Зрабіў і сабраў унікальную калекцыю прэпаратаў мозга чалавека і жывёл, якую падараваў Кіеўскаму ун-ту.

Тв.:

Морфология остеогенеза. Киев, 1887;

Атлас человеческого мозга. Киев, 1910;

Анатомические и гистологические исследования: (Избр. тр.). М., 1950.

т. 3, с. 133

БЕ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бельчыца, за 7 км на Пд ад Полацка. Пл. 0,31 км². Даўж. 0,72 км, найб. шыр. 0,48 км, даўж. берагавой лініі 1,88 км. Пл. вадазбору 13,8 км². Схілы катлавіны нізкія, забалочаныя, параслі лесам. Берагі сплавінныя. Выцякае р. Бельчыца.

т. 3, с. 133