Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́ЕВА Людміла Панцялееўна

(13.11.1926, с. Шчучча Варонежскай вобл., Расія),

рускі філосаф. Д-р філас. н. (1968), праф. (1970). Скончыла Маскоўскі ун-т (1950), працавала ў ім. З 1976 у Ін-це філасофіі Расійскай АН. Даследуе філас. праблемы чалавека, асобы і грамадства, дыялектыку сац. і індывідуальнага ў развіцці асобы, суадносіны дэтэрмінацыі і свабоды ў развіцці духоўнага свету чалавека, змест і структуру сац. асяроддзя асобы. У даследаваннях сац. быцця асобы асаблівую ўвагу засяроджвае на праблемах яе суб’ектыўнага свету, актыўнасці, творчай прыродзе і самастойнасці працэсаў станаўлення, выбару і пошукаў уласнага месца ў свеце, ролі ўнутр. дэтэрмінацыі развіцця. Даследуе таксама рус. філас. антрапалогію.

Тв.:

Человек: деятельность и общение. М., 1978;

Общественный прогресс и гуманизм. М., 1985;

Человек как высшая ценность и главное богатство общества. М., 1991.

т. 3, с. 317

БЕЕРНА́Р

(Beernaert) Агюст Мары Франсуа (26.7.1829, г. Астэндэ, Бельгія — 6.10.1912),

бельгійскі дзярж. дзеяч. Юрыст. Чл. парламента з 1873. У 1884—94 прэм’ер-міністр і міністр фінансаў. Чл. Міжпарламенцкага саюза (з 1896). Старшыня Міжпарламенцкага савета (з 1899). Старшыня 1-й камісіі па скарачэнні ўзбраенняў на Гаагскай мірнай канферэнцыі 1899, чл. Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе. Нобелеўская прэмія міру 1909 (разам з П. д’Эстурнелем дэ Канстанам).

т. 2, с. 371

БЕ́ЕРЫНК

(Beyerinck) Марцін Вілем (16.3.1851, Амстэрдам — 1.1.1931),

галандскі батанік і мікрабіёлаг; адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Праф. (1895). Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1924), ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў г. Дэлфт. Вылучыў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901). Навук. працы па жыццядзейнасці мікраарганізмаў, глебавай мікрабіялогіі, развіцці вышэйшых раслін, пра ролю бактэрый у кругавароце рэчываў у прыродзе.

т. 2, с. 371