Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́ДЛЕНД,

бэдленд (англ. bad lands літар. дрэнныя землі), мясцовасць з рэзка і моцна расчлянёным нізкагорным рэльефам, цяжкапраходным і непрыдатным для земляробства. Складаецца з заблытанай сеткі разгалінаваных яроў і вузкіх грабянёў, якія іх падзяляюць. Узнікае ў выніку дзейнасці часовых (ліўневых) патокаў ва ўмовах разрэджанай расліннасці на рыхлых пародах. Пашыраны ў пустынных і паўпустынных раёнах свету; пры нерацыянальным землекарыстанні бедленды ўзнікаюць у стэпах і лесастэпах.

т. 2, с. 371

Беднарц Іаганес

т. 18, кн. 1, с. 347

БЕ́ДНАЯ КУЦЦЯ́,

гл. ў арт. Куцця.

т. 2, с. 371

БЕ́ДНЫ Дзям’ян

(сапр. Прыдвораў Яфім Аляксеевіч; 13.4.1883, в. Губаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 25.5.1945),

рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1904—08). Першы зб. «Байкі» (1913). Вершы, песні, байкі, вершаваныя аповесці і фельетоны ў зб. «Дзіва дзіўнае і іншыя казкі» (1916), «Кожны Ерамей пра сябе разумей», «Праўда і няпраўда» (абодва 1917) і інш. Аўтар героіка-сатыр. эпапеі «Пра зямлю, пра волю, пра рабочую долю» (1917), паэм «Запаветная зямля» (1920), «Галоўная вуліца» (1922). У грамадз. вайну папулярныя былі яго песні («Праводзіны»), сатыр. творы («Маніфест барона фон Урангеля»), жартоўныя вершы («Танька-Ванька»). У 1920 некаторыя творы ўпершыню надрукаваны ў бел. газ. «Звязда» («Нашым братам — польскім сялянам», «Вялікая штука — навука», «Пан Кміта» і інш.). Творчасць Беднага блізкая да фальклору, многія радкі з вершаў сталі прыказкамі. На бел. мову творы Беднага перакладалі А.Александровіч, А.Дзяркач, А.Астрэйка, Ю.Свірка, Э.Валасевіч і інш.

т. 2, с. 371

«БЕДНЯ́К»,

штодзённая сялянская газета. Выходзіла з 25.9.1918 да жн. 1919 на рус. мове напачатку ў Смаленску як выданне Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), з 25.2.1919 у Мінску як орган ЦБ КП(б)Б, з 12.3.1919 орган ЦК і Мінскага губ. к-та КП(б) Літвы і Беларусі. Асвятляла жыццё Сав. краіны, падзеі грамадз. вайны, друкавала матэрыялы пра дзейнасць к-таў беднаты, сельскіх камуністаў. Частка тыражу засылалася ў акупіраваныя Польшчай раёны Беларусі. Мела рубрыкі: «Па Расіі», «За рубяжом», «У ворагаў Савецкай улады», «Чырвоная Армія» («Чырвоны фронт»), «Вясковае жыццё» і інш.

т. 2, с. 371

БЕДУІ́НЫ

(араб.),

качавыя арабы-жывёлаводы (гал. чынам вярблюдагадоўцы) Аравійскага п-ва і Паўн. Афрыкі. У еўрап. л-ры бедуінамі называюць таксама паўкачавых арабаў, якія сумяшчаюць жывёлагадоўлю з земляробствам. У грамадскім ладзе бедуінаў суіснуюць рысы рода-племянной арганізацыі і патрыярхальна-феад. Адносін.

т. 2, с. 371