Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ

(БСП),

палітычная партыя сацыяліст. кірунку. Створана ў ліп. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — паліт. камітэт. Асн. мэта — фарміраванне дэмакр. грамадства сацыяліст. арыентацыі са шматукладнай эканомікай, у якім вышэйшая каштоўнасць — чалавек і яго дабрабыт, дзе дзяржавай будуць рэальна забяспечаны правы, свабоды і сац. гарантыі кожнага грамадзяніна. Сац. база БСП — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, крыніцай даходу якіх з’яўляецца ўласная праца, усе, хто ствараў і стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Найбольшыя арг-цыі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску.

т. 2, с. 428

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́ЛЬНА-СПАРТЫ́ЎНАЯ ПА́РТЫЯ

(БССП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — аб’яднанне прагрэс. сіл Беларусі для сац. абароны ўсіх пластоў насельніцтва пры пераходзе да рыначных адносін, рэфармаванне Беларусі ў дэмакр., эканамічна моцную, незалежную і гуманную дзяржаву праз удасканаленне грамадскіх формаў і адносін. Выступае за ўкараненне альтэрнатыўных формаў адукацыі і фіз. выхавання, адраджэнне нац. культуры, рэалізацыю законаў аб моладзі і спорце, прыярытэтнае фінансаванне аховы здароўя, спорту, асветы, змену сістэмы падаткаабкладання і інш.

т. 2, с. 428

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́

(БСДГ),

Грамада, партыя сацыял-дэмакр. кірунку. Створана ў сак. 1991. Працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. БСДГ заяўляе, што яна левацэнтрысцкая партыя парламенцкага тыпу, якая лічыць прыярытэтнымі кірункамі сваёй дзейнасці прапаганду і абарону агульначалавечых каштоўнасцяў, ідэалаў сацыял-дэмакратыі, сац. абарону чалавека працы. Мэта яе дзейнасці — пабудова незалежнай дэмакратычнай, прававой і сац. бел. дзяржавы як раўнапраўнага суб’екта еўрап. і сусв. супольнасці. Філіі і суполкі БСДГ дзейнічаюць ва ўсіх абл. цэнтрах і многіх гарадах Беларусі.

т. 2, с. 426

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ТНІЦКАЯ ГРУ́ПА

(БСДРГ),

палітычная арг-цыя, якая дзейнічала ў 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі ў 1-ю сусв. вайну. Утварылася ў выніку разыходжанняў па пытаннях тактыкі і нац.-дзярж. будаўніцтва паміж дзеячамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — марксістамі і народнікамі. Марксісты (І.І. і А.І.Луцкевічы, Цётка і інш.) заснавалі БСДРГ. Група рабіла стаўку на работу ў масах, арганізоўвала прафсаюзы, кааператывы і інш. арг-цыі, мела ў іх сваіх прадстаўнікоў. Удзельнічала ў стварэнні Беларускага народнага камітэта ў Вільні. У вер. 1917 выказалася за стварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з аўтаномнымі Беларуссю і Літвой, за ўключэнне ў гэту дзяржаву ўсіх бел. зямель, за прызнанне раўнапраўя ўсіх народаў у ёй, забеспячэнне «ўрадавага» статуса мясц. мовам і школьнае навучанне на роднай мове. Пасля абвяшчэння ў снеж. 1917 Літ. рэспублікі група стала на незалежніцкія пазіцыі. Падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля расколу БСГ (крас. 1918) БСДРГ аб’ядналася з марксістамі, якія пакінулі БСГ, і ўтварыла з імі Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 427

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ

(БСДРП),

арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені 1917 да крас. 1918. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), налічвала каля 700 чл. — рабочых і маракоў Балт. флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі А.Р.Чарвякоў, І.В.Лагун, Ю.У.Памецка, У.В.Скарынка, А.Х.Усціловіч (Усціновіч) і інш. Вяла паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастр. узбр. паўстанні, у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. У студз. 1918 БСДРП удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны А.Р.Чарвякоў. У крас. 1918 на аснове БСДРП створана бел. секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).

В.У.Скалабан.

т. 2, с. 427

БЕЛАРУ́СКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ

(БСП),

палітычная партыя парламенцкага тыпу. Створана ў лют. 1991. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Мэта дзейнасці — абарона паліт. і сац. правоў, эканам. інтарэсаў сялянства Беларусі. Суполкі БСП створаны ў большасці раёнаў Беларусі.

т. 2, с. 430

БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ

(БСП),

грамадская некамерцыйная арг-цыя. Створана ў 1991 як Саюз прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь, з 1995 — БСП. Уключае каля 500 правадзейных (акц. т-вы, малыя прадпрыемствы, вытв. і камерц. фірмы, кааператывы і інш.) і больш за 15 тыс. асацыіраваных членаў, у тым ліку Асацыяцыю дзелавога супрацоўніцтва «Гарант» (створана ў 1989, аб’ядноўвае каля 50 устаноў, прадпрыемстваў, фірмаў і арг-цый дзярж. і недзярж. формаў уласнасці). Гал. мэты: абарона інтарэсаў прадпрымальнікаў у вышэйшых заканад., выканаўчых, суд. органах, у органах мясц. самакіравання; інфарм.-даведачнае абслугоўванне; юрыд. паслугі і прававая ахова; рэклама прадпрыемстваў і іх прадукцыі; стварэнне рабочых месцаў і дадатковых крыніц фарміравання бюджэту; залучэнне замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі. Створаны (1992) Бел. фонд фін. падтрымкі прадпрымальнікаў.

т. 2, с. 456

БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ФЕ́РМЕРАЎ

(БСФ),

добраахвотнае супольніцтва сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, іх тэр. саюзаў і асацыяцый. Створаны ў 1989 як Бел. сял. саюз, з 1993 — БСФ. Аб’ядноўвае 650 фермерскіх гаспадарак, шэраг мясц. асацыяцый. Гал. мэты: ахова правоў і інтарэсаў фермераў, садзейнічанне павышэнню эфектыўнасці іх працы і вытв-сці.

т. 2, с. 456

БЕЛАРУ́СКІ СТУДЭ́НЦКІ САЮ́З

(БСС),

арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.Абрамовіч, Т.Куніцкі, І.Гагалінскі, М.Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час. «Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтва Зах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.

т. 2, с. 456

БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З

(БСС),

бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.Ц.Рагуляй і Ф.Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.Більдзюкевіч, Б.Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.

У.Ф.Ладысеў.

т. 2, с. 457