Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́

(БСДГ),

Грамада, партыя сацыял-дэмакр. кірунку. Створана ў сак. 1991. Працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. БСДГ заяўляе, што яна левацэнтрысцкая партыя парламенцкага тыпу, якая лічыць прыярытэтнымі кірункамі сваёй дзейнасці прапаганду і абарону агульначалавечых каштоўнасцяў, ідэалаў сацыял-дэмакратыі, сац. абарону чалавека працы. Мэта яе дзейнасці — пабудова незалежнай дэмакратычнай, прававой і сац. бел. дзяржавы як раўнапраўнага суб’екта еўрап. і сусв. супольнасці. Філіі і суполкі БСДГ дзейнічаюць ва ўсіх абл. цэнтрах і многіх гарадах Беларусі.

т. 2, с. 426

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ТНІЦКАЯ ГРУ́ПА

(БСДРГ),

палітычная арг-цыя, якая дзейнічала ў 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі ў 1-ю сусв. вайну. Утварылася ў выніку разыходжанняў па пытаннях тактыкі і нац.-дзярж. будаўніцтва паміж дзеячамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — марксістамі і народнікамі. Марксісты (І.І. і А.І.Луцкевічы, Цётка і інш.) заснавалі БСДРГ. Група рабіла стаўку на работу ў масах, арганізоўвала прафсаюзы, кааператывы і інш. арг-цыі, мела ў іх сваіх прадстаўнікоў. Удзельнічала ў стварэнні Беларускага народнага камітэта ў Вільні. У вер. 1917 выказалася за стварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з аўтаномнымі Беларуссю і Літвой, за ўключэнне ў гэту дзяржаву ўсіх бел. зямель, за прызнанне раўнапраўя ўсіх народаў у ёй, забеспячэнне «ўрадавага» статуса мясц. мовам і школьнае навучанне на роднай мове. Пасля абвяшчэння ў снеж. 1917 Літ. рэспублікі група стала на незалежніцкія пазіцыі. Падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля расколу БСГ (крас. 1918) БСДРГ аб’ядналася з марксістамі, якія пакінулі БСГ, і ўтварыла з імі Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 427

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ

(БСДРП),

арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені 1917 да крас. 1918. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), налічвала каля 700 чл. — рабочых і маракоў Балт. флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі А.Р.Чарвякоў, І.В.Лагун, Ю.У.Памецка, У.В.Скарынка, А.Х.Усціловіч (Усціновіч) і інш. Вяла паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастр. узбр. паўстанні, у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. У студз. 1918 БСДРП удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны А.Р.Чарвякоў. У крас. 1918 на аснове БСДРП створана бел. секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).

В.У.Скалабан.

т. 2, с. 427