Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́АС

(Boas) Франц (9.7.1858, г. Міндэн, Германія — 21.12.1942),

амерыканскі этнограф, антраполаг, лінгвіст. Праф. Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку (1899—1937). Удзельнічаў у экспедыцыях у Арктыку (1883—84). Большая ч. этнагр. прац прысвечана культуры і мовам індзейцаў паўн.-зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі і эскімосаў. Распрацаваў методыку фармальнага апісання індзейскіх моў. У шэрагу прац разглядаюцца агульныя пытанні этнаграфіі, антрапалогіі і археалогіі Амерыкі. Заклікаў да стацыянарнага палявога даследавання канкрэтных культур. Праціўнік расісцкіх тэорый, антыфашыст, чл. многіх арг-цый ліберальнай інтэлігенцыі ЗША, прыхільнік дэмакр. Рэформаў.

т. 3, с. 199

БОБ

(Faba),

род травяністых раслін сям. бабовых. 1 від — боб конскі, або рускі (F. bona). Старажытная кармавая і харч. (агароднінная) культура. У дзікім стане невядома. Вырошчваюць ва ўсіх краінах умераных паясоў. Кармавы боб мае дробнае насенне і развітую вегетатыўную масу, харчовы — буйнаплодны і буйнанасенны з тоўстымі мясістымі створкамі, мае 23—25% бялку, да 36% крухмалу, цукры, пекцінавыя рэчывы, вітаміны і інш. На Беларусі пашыраны сарты Беларускі, Рускі чорны (харчовыя), Аўшра (кармавы).

Аднагадовая, пераважна самаапыляльная, расліна выш. 1—1,5 м. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны, пранікае ў глебу на глыб. 80—150 см. Лісце без вусікаў. Кветкі белыя ці ружаватыя, сабраныя ў гронкі. Плод — шматнасенны струк. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Вільгацялюбная расліна, усходы пераносяць замаразкі да -4 — -5 °C. Добра расце на багатых перагноем гліністых і на акультураных тарфяна-балотных глебах. Ураджай зерня 2—3 (да 5), зялёнай масы 20—30 т/га. Завораная зялёная маса — добры сідэрат.

т. 3, с. 199

БО́БА-ДЫЎЛА́СА

(Bobo-Dioulasso),

горад на ПдЗ Буркіна-Фасо. Адм. ц. прав. Уэ. 228,7 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр краіны. Вытв-сць пальмавага алею і харч. прадуктаў; бавоўна- і рысаачыстка, апрацоўка сізалю. Запалкавая і цыгарэтная ф-кі. Дрэваапрацоўка. Саматужнае дыванаткацтва.

т. 3, с. 199

БО́БІЧ Ільдэфонс

(1890, в. Дзедзіна Мёрскага р-на Віцебскай вобл. — 28.4.1944),

бел. рэлігійны і культ. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме (1911—13). Дамогся папскага блаславення на выданне першай бел. каталіцкай газ. «Беларус», у якой супрацоўнічаў пад псеўданімам Пётра Просты. 27.7.1915 пасвячоны ў ксяндзы. Служыў у розных прыходах, быў настаўнікам у Віленскай бел. гімназіі, карыстаўся бел. мовай у пропаведзях. Аўтар працы на бел. мове «Нядзелішнія эванэліі і навукі» (т. 1—3, 1921—22), артыкулаў па рэліг. і культ. пытаннях, вершаў. Склаў 2 кнігі казанняў «Роднае слова ў касцёле» і «Навучайце ўсе народы» (у рукапісах).

І.І.Трацяк.

т. 3, с. 199

БОБР,

рака ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 124 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., каля в. Рафалова Талачынскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).

Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шыр. 300—500 м. Рэчышча звілістае, утварае меандры, шыр. ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярац. каналы. На рацэ гар. пасёлкі Крупкі і Бобр.

т. 3, с. 199

БОБР,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. За 10 км ад Крупак, 2 км ад чыг. ст. Бобр на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 1509 ж., 740 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі.

Вядомы з 1516. З 1559 уласнасць Хадкевічаў, Гаштольдаў, Пацаў, Камароў, Сапегаў, Агінскіх і інш. У 1573 мястэчка Аршанскага пав. У 1614 — 172 дамы, млын. У 1762 атрымаў магдэбургскае права, герб. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У 1863 у Бабры 1113 ж., у 1885 — 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца, нар. вучылішчы, 4 школы, 2 млыны, 22 крамы, 3 кірмашы на год, у 1904 — 2 цагельні. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР, мястэчка ў Крупскім р-не. З 1938 вёска, з 17.2.1941 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну гітлераўцы расстралялі 961 ж. У 1969 — 3 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяраў фашызму (за 1,5 км ад пасёлка).

т. 3, с. 199

«БОБРУ́ЙСКАЯ ЖИЗНЬ»,

грамадска-палітычная і літаратурная газета бурж.-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 7(20).2.1913 да 1(14).8.1914 у Бабруйску на рус. мове тры разы на тыдзень. З 16(29).5.1913 да 26.3(8.4).1914 не выходзіла. Апошнія выпускі (№ 85—92) выходзілі штодзённа. З 27.7.1914 змяшчала 1—2 разы на дзень «Тэлеграмы газеты «Бобруйская жизнь». Друкавала мясц. хроніку, паведамленні пра дзейнасць Дзярж. думы, фельетоны з крытыкай мясц. улад за непаладкі гар. гаспадаркі і побыту, міжнар. інфармацыю і інш. Публікавала вершы мясц. паэтаў, асвятляла тэатр. і муз. жыццё Бабруйска.

У.М.Конан.

т. 3, с. 200

«БОБРУ́ЙСКИЕ О́ТКЛИКИ»,

штодзённая грамадска-паліт. і літаратурная газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 11(24).8.1911 да 16(29).5.1912 у Бабруйску на рус. мове. Адлюстроўвала эканам., паліт., сац.-культ. пазіцыю сярэдняй і дробнай гар. буржуазіі і інтэлігенцыі пераважна з асяроддзя абруселых яўрэяў. Змяшчала звесткі пра міжнар. і ўнутранае становішча, дзейнасць урада, Дзярж. думы і разнастайныя бакі мясц. жыцця, навук.-асв. артыкулы, фельетоны, вершы і белетрыстыку. Мела літ.-крытычны і тэатр. аддзелы.

У.М.Конан.

т. 3, с. 200

БО́БРЫК,

вёска ў Беларусі, у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Бобрык Верхні. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 60 км на Пн ад Пінска, 227 км ад Брэста, 40 км ад чыг. ст. Ганцавічы і Парахонск. 565 ж., 218 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. Сувязі.

т. 3, с. 200

БО́БРЫК,

тоўстая (больш за 4 мм) шарсцяная тканіна з начасаным стаячым ворсам на правым баку. З бобрыку шыюць верхняе адзенне.

т. 3, с. 200