БО́БІЧ Ільдэфонс
(1890, в. Дзедзіна Мёрскага р-на Віцебскай вобл. — 28.4.1944),
бел. рэлігійны і культ. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме (1911—13). Дамогся папскага блаславення на выданне першай бел. каталіцкай газ. «Беларус», у якой супрацоўнічаў пад псеўданімам Пётра Просты. 27.7.1915 пасвячоны ў ксяндзы. Служыў у розных прыходах, быў настаўнікам у Віленскай бел. гімназіі, карыстаўся бел. мовай у пропаведзях. Аўтар працы на бел. мове «Нядзелішнія эванэліі і навукі» (т. 1—3, 1921—22), артыкулаў па рэліг. і культ. пытаннях, вершаў. Склаў 2 кнігі казанняў «Роднае слова ў касцёле» і «Навучайце ўсе народы» (у рукапісах).
І.І.Трацяк.
т. 3, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)