Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БО́ЖЫМ ШЛЯ́ХАМ»,

грамадска-рэлігійны, літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся бел. грэка-каталіцкім (уніяцкім) духавенствам у 1947—57 у Парыжы і ў 1957—80 у Лондане на бел. мове. Асвятляў пытанні гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царк. будаўніцтва, рэліг. адносін на Беларусі, асабліва уніяцкага руху, узаемазалежнасць рэлігіі, культуры, нац. свядомасці ў развіцці бел. народа. Асэнсоўваў ролю хрысціянскіх асветнікаў, царк. дзеячаў Ефрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, заснавальнікаў айч. кнігадрукавання Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, братоў Мамонічаў у станаўленні і ўзбагачэнні бел. культуры. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. становішча ў БССР, дзейнасць бел. асяродкаў на эміграцыі і інш.

А.А.Каўка.

т. 3, с. 204

БО́ЖЫЧ,

у славянскай міфалогіі іпастась вярх. нябеснага бога. Атаясамліваўся з богам Сонца, сімвалізаваў пачатак веснавога сонечнага цыкла. З прыняццем хрысціянства Божыча супастаўлялі з вобразам Ісуса Хрыста. Імя Божыч узгадваецца ў назвах і песнях, звязаных з Калядамі.

А.В.Гурко.

т. 3, с. 204

БО́ЖЫЧ

(Božič) Мірка (н. 21.9.1919, Сінь, гіст. вобл. Далмацыя, Харватыя),

харвацкі пісьменнік. Правадз. чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.

Тв.:

Drame. Zagreb, 1950;

Novele. Zagreb, 1952;

Drame. Zagreb, 1960;

Рус. пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;

Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;

Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.

І.А.Чарота.

т. 3, с. 204

БО́ЖЫЯ КАРО́ЎКІ,

какцынеліды (Coccinellidae), сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 4 тыс. відаў на ўсіх мацерыках. На Беларусі больш за 40 відаў, звычайна карысныя: божая кароўка сямікрапінкавая (Coccinella septempunctata), двухкрапінкавая (Adalia bipunctata) і інш. Жывуць у лясах, садах, парках, на лугах, балотах, палетках.

Даўж. 2—18 мм, цела пукатае зверху, круглаватае або авальнае, пляскатае знізу. Афарбоўка яркая, «перасцерагальная», з малюнкам з крапінак, плям, штрыхоў. У большасці жукі і лічынкі драпежныя — кормяцца тлямі, павуціннымі кляшчамі, шчытоўкамі і інш.; некат. раслінаедныя. Многія, у т. л. божыя кароўкі двухкрапінкавыя, выкарыстоўваюцца ў біял. ахове с.-г. і лясных культур. 2 аўстрал. віды спынілі павелічэнне колькасці шкоднікаў цытрусавых — чарвяцоў. Некат. шкодныя. Божыя кароўкі маюць ядавітую гемалімфу, таму насякомаедныя жывёлы іх не паядаюць.

т. 3, с. 204