Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БОС

(англ. boss),

1) гаспадар, прадпрымальнік.

2) У ЗША назва пашыраецца на асоб, якія ўзначальваюць апарат рэсп. і дэмакр. партый у штатах і гарадах, прафсаюзны апарат.

т. 3, с. 219

БО́СНА

(Bosna),

рака ў Еўропе, у Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава. Даўж. 308 км, пл. бас. 10,5 тыс. км². Пачынаецца ў масіве Трэскавіца, цячэ па Дзінарскім нагор’і і Сярэднедунайскай нізіне. Паўнаводная вясною. Сярэдні расход вады 142 мус. На Босне — гарады Добай і Зеніца.

т. 3, с. 219

БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА

(Bosna і Hercegovina),

дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс. км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс. км²) у бас. р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс. км². Нас. 3,8 млн. чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г. Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).

Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).

Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).

Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл. Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко І. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л. Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл. Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).

У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл. Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл. нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс. чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.

Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн. культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр. Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац. маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).

У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.Біеліч, Н.Гваздзенавіч, скульптар С.Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.Бацарыч, В.Дзімітрыевіч, І.Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).

У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1918), М.С.Даўгяла (гісторыя з 1918).

т. 3, с. 219

БО́СТАН

(Boston),

горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Масачусетс. 551,7 тыс. ж.; у агламерацыі (Вялікі Бостан) — 4,17 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт пры ўпадзенні р. Чарлз у зал. Масачусетс Атлантычнага ак. Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал. прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр. У Бостане — праўленні буйных страхавых кампаній, банкаў і прамысл. карпарацый. Прамысловасць: прыладабудаванне, у т. л. вытв-сць кантрольна-вымяральных і навук. прылад, мед. інструментаў, фотатэхнікі (фірма «Паляроід»); радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, мед. апаратуры, электронных кампанентаў), эл.-тэхн., аўтазборачная; вытв-сць прамысл. абсталявання, авіяц. дэталяў і вузлоў, авіяц. і суднавых рухавікоў; суднабудаванне і суднарамонт. Паліграф., гарбарна-абутковая, хім. (пераважна вытв-сць быт. хімікатаў), гумавая, лёгкая, харч. прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Гарвардскі (з 1636). Масачусецкі тэхнал. ін-т. Акадэмія мастацтваў і навук. Марскі акварыум.

Засн. ў 1630 пурытанамі — выхадцамі з Англіі. З 1632 сталіца калоніі Масачусетс, гал. порт і горад Новай Англіі, важны гандл., навук. і культ. асяродак. У 2-й пал. 18 ст. ў Бостане распачалася барацьба супраць каланіяльнай палітыкі Вялікабрытаніі (паўстанне гараджан супраць гербавага збору ў 1765, іх узбр. сутычка з англ. войскамі ў 1770, т.зв. «Бостанскае чаяпіцце» 1773), якая стала пралогам Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Гар. правы з 1822. З 1831 адзін з цэнтраў абаліцыянізму, страціў пазіцыі ў гандлі, але стаў значным асяродкам банкаўскай справы, тут утварыўся саюз капіталістаў-ранцье, т.зв. Бостанская фін. група. У 19—20 ст. адзін з партоў масавага прыбыцця імігрантаў, у т. л. беларусаў.

Мае радыяльную сістэму планіроўкі, шматлікія паркі, паўкальцо бульвараў (з 1898, план Ч.Эліята). Сярод арх. помнікаў калан. перыяду: Дом сходаў (1729—30), Стары дом штата (1713; перабудаваны ў 1748), Фанейль-хол (1742—1805); пабудовы Ч.Булфінча ў стылі класіцызму — Дом штата (Капітолій; 1795—98, перабудовы да 1914), Масачусецкі гал. шпіталь (1818—20) і інш.; гандл. будынак Куінсі-маркет (1825—26, А.Парыс); Публічная б-ка (1888—95, неарэнесанс; размалёўкі П.Пюві дэ Шавана, Дж.С.Сарджэнта і інш.); пабудовы Г.Х.Рычардсана ў духу раманскага дойлідства — царква Трыніты-чэрч (1873—77) і інш. Сучасны адм. цэнтр уключае Новую ратушу (1969), будынкі «Дж.Ф.Кенэдзі», адм. службаў аховы здароўя, прафілактыкі і асветы (1971, П.Рудалф). Пабудаваны новы корпус гар. б-кі (1972, Ф.Джонсан), будынак Блакітнага Крыжа (1960, Рудалф), аэрапорт (1971), сфарміравана Рыначная пл. (1976, Б.Томпсан). Помнік-абеліск у гонар бітвы пры Банкер-Хіле (вьпп. 67 м, 1843) і інш. Бостанскі музей прыгожых мастацтваў.

т. 3, с. 221

БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у тл. англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.Вашынгтона работы Г.Сцюарта, 1796) і інш.

Літ.:

Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.

т. 3, с. 222

БО́СТАНСКІ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,

адзін са старэйшых сімф. аркестраў ЗША. Створаны ў 1881 у г. Бостан мецэнатам Г. Лі Хігінсанам. Выступаў у зале «Бостан-мюзік-хол», з 1900 — у «Сімфані-хол». Росквіт аркестра звязаны з дзейнасцю С.Кусявіцкага (1924—49), пад кіраўніцтвам якога выконваліся творы П.Чайкоўскага і інш. рус. кампазітараў. Сярод гал. дырыжораў: А.Нікіш, П.Манцё, Ш.Мюнш, Э.Лайнсдорф, С.Адзава. З аркестрам выступалі кампазітары А.Глазуноў, С.Пракоф’еў, В.д’Эндзі, Р.Штраус, Д.Міё, А.Рэспігі, М.Равель і буйнейшыя дырыжоры розных краін.

т. 3, с. 222

БОСХ,

Бос (Bosch) Хіеранімус [сапр. Акен (Aken) Еранімус ван; каля 1450—53, г. Хертагенбас, Нідэрланды — 1516), нідэрландскі жывапісец; прадстаўнік ранняга нідэрландскага Адраджэння. Спалучаў вытанчаную сярэдневяковую фантастыку з фальклорна-сатырычнымі тэндэнцыямі і яскравымі рэаліст. навацыямі, смела пашыраў кола незвычайных, часам вычварна-мудрагелістых тэм і вобразаў, крыніцай для якіх служылі фальклор, нар. прытчы і забабоны. У ранніх працах карыстаўся з’едлівай крытычнай метафарай, выяўляючы заганныя бакі тагачаснага грамадства («Лячэнне глупства», «Галоўныя грахі», 1470—80). У 1480—85 напісаў метафарычныя і выкрывальныя карціны «Карабель дурняў», «Шарлатан», «Смерць скупога». У 1485—1510 стварыў вял. этапныя палотны «Спакушэнне Святога Антонія», «Аперацыя галавы», «Нясенне крыжа», трыптыхі «Воз сена», «Сад уцех», «Пакланенне вешчуноў», у якіх рэальнасць пераплятаецца з фантастычнымі ўяўленнямі мастака і быццам прыадкрываюцца стасункі чалавецтва з высокім і ганебным, дабром і злом. У створанай ім мадэлі Сусвету вобразныя асацыяцыі значна апераджаюць яго час, хоць і народжаны светапоглядным крызісам той эпохі. Больш познія яго творы (1510—16) набылі заспакоенасць, філас. паглыбленасць і засведчылі прыняцце ім асн. канцэпцый рэнесансавага мастацтва («Паклон трох каралёў» і інш.). Працы Босха, выкананыя стракатымі лакальнымі фарбамі і прасякнутыя жыццесцвярджальным духам нар. творчасці, даюць у гратэскава-сатыр. форме шырокую карціну нар. жыцця. Смелыя жыццёвыя назіранні, трапныя і каларытныя нар. тыпы і быт. матывы, уражвальныя пейзажныя фоны яго палотнаў зрабілі вял. ўплыў на развіццё рэаліст. тэндэнцый у нідэрл. жывапісе 16 ст. і падрыхтавалі глебу для фарміравання быт. жанру і пейзажа. Творчасць Б. значна паўплывала і на многія кірункі сучаснага выяўл. мастацтва.

Літ.:

[Фомин Г.И.] И.Босх. М., 1974;

Unverfehrt G. Н.Bosch. Berlin, 1980.

Я.Ф.Шунейка.

т. 3, с. 222