Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́ЧАВА,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дражбітка, за 30 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,28 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 3,5 м. Пл. вадазбору 2,75 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, берагі нізкія, забалочаныя, пад лесам.

т. 3, с. 225

БО́ЧВАР Андрэй Анатолевіч

(8.8.1902, Масква — 18.9.1984),

савецкі вучоны ў галіне металазнаўства. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1953). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1923). З 1952 дырэктар Усесаюзнага НДІ неарган. матэрыялаў, у 1961—65 у Маскоўскім ін-це металаў і сплаваў. Працы па крышталізацыі, рэкрышталізацыі металаў і сплаваў, іх дэфармацыі пры высокіх т-рах і цісках, структурнай тэорыі гарачатрываласці сплаваў, звышпластычнасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1953. Ленінская прэмія 1961.

т. 3, с. 225

БО́ЧКА,

у архітэктуры, дах у форме паўцыліндра з прыўзнятым і завостраным верхам, які на фасадзе ўтварае кілепадобны франтон. Бочкі вядомыя ў рус. архітэктуры 17—18 ст., пераважна ў драўлянай (цэрквы рус. Поўначы, у т. л. Праабражэнская царква на в-ве Кіжы; палац у Каломенскім, не захаваўся), радзей у мураванай (царква ў пас. Тайнінскае Маскоўскай вобл.). Перакрыжаванне дзвюх бочак утварае крыжападобную бочку, ці кубаватае пакрыццё.

т. 3, с. 225

БО́ЧКАІ

(Bocskai) Іштван (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),

венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.

т. 3, с. 225

БО́ЧКА ВІ́ЛЕНСКАЯ,

даўняя мера аб’ёму сыпкіх рэчываў. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 бочка віленская = 4 чвэрцям = 8 асьмінам = 72 вял. гарцам = 144 гарцам малым = 406,7 л. Прыблізна адпавядае 19 пудам жыта, 18 пудам пшаніцы, 15 пудам ячменю, 10 пудам аўса. У розных раёнах Беларусі на розныя патрэбы існавалі мясц. «бочкі», якія адрозніваліся памерамі.

т. 3, с. 225