БОР
(лац. Borum),
B, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы Мендзялеева. Ат.н. 5, ат.м. 10,81. Прыродны бор складаецца з двух стабільных ізатопаў 10B (19,57%) і 11B (80,43%), існуе як мінерал буракс, керніт, ашарыт і інш.; у зямной кары ёсць 5·10-3%, у вадзе акіянаў 4,6 мг/л. Атрыманы ў 1808 Л.Ж.Гей-Люсакам і Л.Ж.Тэнарам.
Вядома больш за 10 алатропных мадыфікацый бора. Бывае бясколерным, шэрым ці чырвоным крышталічным або цёмным аморфным рэчывам і мае розныя фіз.-хім. характарыстыкі. Па цвёрдасці (па Маосу 9,3, па Вікерсу 274,4 ГПа) займае другое (пасля алмазу) месца сярод рэчываў. Вельмі крохкі; у пластычны стан пераходзіць пры т-ры вышэй за 2000 °C. Хімічна дастаткова інертны, не рэагуе з вадародам (боравадароды атрымліваюцца ўскосным шляхам); з іншымі рэчывамі рэагуе толькі пры высокіх т-рах: акісляецца на паветры пры 700 °C, з азотам пры 1200—2000 °C утварае нітрыд бору, з вугляродам пры 1300 °C і вышэй — карбіды, з большасцю металаў — барыды, пры сплаўленні са шчолачамі — бараты; царская гарэлка і азотная кіслата акісляюць бор да борнай кіслаты (гл. таксама Бору злучэнні). Атрымліваюць з буры і кернігу, аднаўленнем аксіду ці галагенідаў бору, раскладаннем галагенідаў і гідрыдаў. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійнаўстойлівых гарачатрывалых сплаваў, кампазіцыйных матэрыялаў, сплаваў для рэгулявальных прыстасаванняў адз. рэактараў і лічыльнікаў нейтронаў, як паўправадніковы матэрыял і для барыравання.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 3, с. 215
БОР,
спелы хваёвы лес, які расце пераважна на пясчаных, супясчаных і лёгкасугліністых глебах. Пашыраны на алювіяльных і водна-ледавіковых нізінах і раўнінах, дзюнах, озах, камах. На Беларусі самыя вялікія бары на Полацкай, Нарачана-Вілейскай, Верхнянёманскай, Верхнебярэзінскай нізінах, на Мінскім узвышшы, Палессі, Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінах; найб. старыя — у Белавежскай пушчы.
Дрэвастоі ў бары часам з дамешкам бярозы, месцамі — елкі; падлесак рэдкі. Паводле наглебавага покрыва вылучаюць бары-беламошнікі, ці лішайнікавыя, і бары-зеленамошнікі — верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя. Бары бываюць сухія, свежыя, вільготныя. Маюць глеба- і водаахоўнае значэнне, даюць драўніну, выкарыстоўваюцца для падсочкі жывіцы, збору ягад, грыбоў, лек. раслін.
т. 3, с. 215
БОР,
вёска ў Беларусі, у Навасёлкаўскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. Цэнтр калгаса. За 12 км ад г. Мар’іна Горка і чыг. ст. Пухавічы, 74 км ад Мінска. 532 ж., 187 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 3, с. 215
БОР
(Bor) Матэй [сапр. Паўшыч (Рагіііб) Уладзімір; н. 14.4.1913, Гргар каля Горыцы, Славенія], славенскі пісьменнік. Правадз. чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1965),
чл.-кар. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Люблянскі ун-т (1937). Удзельнік антыфаш. барацьбы, тэма якой займае важнае месца ў яго творчасці. Аўтар паэт. зб-каў «Бурай адолеем буру» (1942), «Плюшч над прорваю» (1952), «Сляды нашых ценяў» (1958), «Брыдзём, брыдзём», «У летняй траве» (абодва 1963), «Баладныя матывы» (1971), раманаў «Далячыні» (1961), «Адкінутыя» (1980), п’ес «Пан Лісяк», «Турма адкрылася», «Абдзіртусы» (усе 1944), «Цяжкі час» (1946), «Сусвет у акварыуме» (1955), «Школа ночы», «Зоркі вечныя» (абедзве 1971), зб. артыкулаў «Крытыка» (1961) і інш. На бел. мову асобныя вершы Бора перакладалі Н.Гілевіч, К.Севярынец, І.Чарота. У Бел. т-ры імя Я.Купалы ў 1984 ставілася яго п’еса «Зоркі вечныя».
Тв.:
Izbrano delo. Sv. 1—4. Ljubljana, 1973—77;
Zvezde so večne: Izbor. Ljubljana, 1977.
І.А.Чарота.
т. 3, с. 215
БОР
(Bohr) Нільс Хенрык Давід (7.10.1885, Капенгаген — 18.11.1962),
дацкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Дацкай АН (1918), замежны чл. АН СССР (1929) і інш. акадэмій. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1908), з 1916 праф. гэтага ун-та. З 1920 дырэктар створанага ім Ін-та тэарэт. фізікі (Ін-т Нільса Бора). У 1943—45 працаваў у ЗША. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, ядз. фізіцы, па філас. праблемах прыродазнаўства і тэорыі пазнання. Прапанаваў (1913) квантавую мадэль атама (гл. Бора тэорыя), якая адыграла важную эўрыстычную ролю ў стварэнні квантавай механікі. Прадказаў спантаннае дзяленне ядраў урану, прапанаваў кропельную мадэль і тэорыю састаўнога ядра атама (1936). Сфармуляваў адпаведнасці прынцып і дапаўняльнасці прынцып. Удзельнік барацьбы з атамнай пагрозай. Нобелеўская прэмія 1922.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. науч. труды. [Т.]1—2. М., 1970—71.
Літ.:
Мур Р. Нильс Бор — человек и ученый. М., 1969;
Кляус Е.М., Франкфурт У.И., Френк А.М. Нильс Бор, 1885—1962. М., 1977.
т. 3, с. 215
БОР
(Bohr) Оге Нільс (н. 19.6.1922, Капенгаген),
дацкі фізік-тэарэтык. Чл. Дацкай АН (1995). Сын Н.Бора: Скончыў Капенгагенскі ун-т (1946). З 1946 у Ін-це тэарэт. фізікі (Ін-т Нільса Бора), у 1962—70 яго дырэктар. З 1975 дырэктар Ін-т тэарэт. ядз. фізікі. Навук. працы па ядз. фізіцы. Распрацаваў абагульненую (калектыўную) мадэль атамнага ядра, выказаў думку аб магчымасці існавання звышцякучасці адронаў у ядрах атамаў. Нобелеўская прэмія 1975.
Тв.:
Рус. пер. — Структура атомного ядра. Т. 1—2. М., 1971—77 (разам з Б.Мотэльсанам).
т. 3, с. 215
БОРАВАДАРО́ДЫ,
бараны, гідрыды бору, злучэнні бору з вадародам, маюць ад 2 да 20 атамаў бору. Бясколерныя, з рэзкім непрыемным пахам. Боравадароды з 2 і 4 атамамі бору — газы, з 5—9 — вадкасці, з 10 і больш — крышт. рэчывы.
Раствараюцца ў арган. растваральніках. Хімічна актыўныя: на паветры акісляюцца, могуць самазагарацца, з вадой утвараюць борную кіслату, схільныя ўтвараць комплексныя злучэнні. Атрымліваюць піролізам дыбарану. Перспектыўныя для атрымання звышчыстага бору, тэрмаўстойлівых палімераў, проціпухлінных прэпаратаў, легіравання розных матэрыялаў. Таксічныя, дзейнічаюць на дыхальныя шляхі, ц. н. с., ныркі, печань.
т. 3, с. 216
БО́РАВЕЦ,
горнакліматычны курорт у Балгарыі. На ПдЗ ад Сафіі на паўн. схілах гор Рыла. Адзін са старэйшых і папулярных у Балгарыі, развіваецца з 19 ст. (у мінулым месца адпачынку вяльможаў, летняя рэзідэнцыя царскай сям’і). Сярэднягорны клімат з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам спрыяльны пры лячэнні неспецыфічных хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Каля 200 відаў, атэлі, кемпінг, дамы адпачынку.
т. 3, с. 216
БОРАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у якіх атам бору звязаны з арган. радыкаламі непасрэдна ці праз гетэраатам (кісларод, сера, азот, фосфар). Найб. вывучаны злучэнні агульнай формулы RnBX3-n (арганабараны), дзе R — арган. радыкал, X — галаген, вадарод, гідраксільная група, амінагрупа і інш.; n = 1, 2, 3. Выкарыстоўваюць як дабаўкі да маторнага і рэактыўнага паліва, змазак і фарбавальнікаў, як каталізатары палімерызацыі, антыаксіданты, бактэрыцыды, фунгіцыды, пры нейтроннай тэрапіі злаякасных пухлін.
т. 3, с. 216