Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БО́ЎКІНСКАЯ АБАРО́НА 1943,

баі партыз. палка «Трынаццаць», часткі сіл 15-га партыз. палка, 17-й брыгады, атрада «Перамога», падраздзяленняў інш. атрадаў супраць карнай экспедыцыі ням. фашыстаў 5—18.10.1943 у лесе каля в. Боўкі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы накіравалі карнікаў супраць партызанаў і насельніцтва, што знаходзілася пад аховай партызанаў у міжрэччы Проні і Дняпра. Партызаны занялі абарону і ўтрымлівалі яе 5 дзён. Праціўнік сіламі пях. дывізіі, некалькіх батальёнаў, авіяэскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў уклініўся ў абарону партызанаў, заняў некалькі вёсак і завяршыў іх акружэнне. Партызаны і большасць насельніцтва 14 кастр. адышлі і занялі новую абарону. Пасля больш як 20 жорсткіх баёў партызаны 18 кастр. прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў тыл праціўніка. У памяць пра Боўкінскую абарону каля в. Дабужа насыпаны курган Бессмяротнасці.

т. 3, с. 223

БОЎТ (Віялета Максімаўна) (н. 9.5.1927, г. Лос-Анджэлес, ЗША),

руская балерына. Нар. арт. СССР (1970). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1944). У 1944—86 салістка Муз. т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У творчасці спалучала віртуозную балетную тэхніку з псіхал. распрацоўкай роляў. Сярод лепшых партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Донна Анна («Дон Жуан» Р.​Штрауса), Медора («Карсар» А.​Адана), Франчэска («Франчэска да Рыміні» Б.​Асаф’ева), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева).

т. 3, с. 223

БОЎТ (Іван Іванавіч) (н. 20.7.1932, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў БПІ (1961). З 1952 у ін-це «Белпрампраект» (з 1968 гал. архітэктар), адначасова (з 1968) выкладчык Бел. політэхн. акадэміі. Асн. работы (у сааўт.): карпусы з-даў гадзіннікавага (1953—56), ЭВМ (1955—61), радыёзавода (1960—63), будынкі Дзіпрасельбуда (1968), СКБ з-да працяжных станкоў (1970), аўтатрактарнага ф-та БПІ (1976), комплексы з-да халадзільнікаў (1965—90), паказальных гандл.-вытв. аб’яднанняў фірмаў «Мерседэс-Бенц» (1993) і «Пума-БМВ» (1995), навук.-вытв. аб’яднанні «Гранат» (1982) і «Цэнтр» (1985), гараж хуткай мед. дапамогі (1986—89) у Мінску; дывановы (1965), панчошны (1968) камбінаты, з-ды ЭВМ (1965—72), электралямпавы (1967—75), комплекс з-даў Мінлегхарчмаша (1980—82) у Брэсце; Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне (1966—82), філіял Мінскага трактарнага з-да ў Смаргоні (1985—90). У 1977—80 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 3, с. 223

БОЎШ (Віктар Іванавіч) (н. 24.8.1930, г. Брэст),

бел. філосаф і прававед. Д-р філас. н. (1982), праф. (1987). Скончыў Кіеўскі ун-т (1955). Выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (у 1989—95 нам. дырэктара). Даследуе сац. філасофію і тэорыю развіцця грамадства, замежныя ідэйна-паліт. плыні, праблемы футуралогіі, філасофіі, гісторыі, палітыкі, права. Аўтар прац «Сацыяльная тэхналогія» пра будучае: ілюзіі і міфы» (1976), «Футуралогія і антыкамунізм» (1977), «Рэальны сацыялізм і сучасныя «крыжаносцы» (1985) і інш.

т. 3, с. 223