БОШ
(Bosch) Карл (27.8.1874, г. Кёльн, Германія — 26.4.1940),
нямецкі хімік-тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў фарбавай прам-сці Германіі. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1898). З 1925 прэзідэнт канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры», з 1935 старшыня савета дырэктараў гэтага канцэрна. Распрацаваў тэхналогіі сінтэзу пры высокім ціску; стварыў вытв-сць аміяку на жал. каталізатары, мачавіны з дыаксіду вугляроду і аміяку. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з Ф.Бергіусам).
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 66.
т. 3, с. 225
БО́ШКАВІЧ,
Боскавіч (Bošković) Руджар Іосіп (18.5.1711, г. Дуброўнік, Харватыя — 13.2.1787), харвацкі фізік, матэматык і астраном. Чл.-кар. Французскай АН (з 1759), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1760), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1761). Вучыўся ў Рымскай калегіі. З 1773 працаваў у Францыі. Зрабіў вымярэнне дугі мерыдыяна ў 2 градусы паміж Рымам і Рыміні (1755). Вывучаў форму Зямлі, тэорыю руху камет, даў матэм. тэорыю некаторых астр. інструментаў. У гал. працы «Тэорыя натуральнай філасофіі...» (1758) развіў тэорыю будовы рэчыва і выказаў гіпотэзу пра залежнасць сіл узаемадзеяння паміж часцінкамі ад адлегласці.
Літ.:
Кольман Э. Жизнь и научная деятельность Руджера Бошковича (1711—1787) // Вопросы истории, естествознания и техники. М., 1956. Вып. 2.
т. 3, с. 226