БО́МА
(Boma),
горад на З Заіра, на паўн. беразе эстуарыя р. Конга (Заір), за 75 км ад Атлантычнага акіяна. Засн. ў 16 ст. Адно са старэйшых еўрап. пасяленняў у Цэнтр. Афрыцы. Каля 95 тыс. ж. (1990). Порт, даступны для марскіх суднаў. Аэрапорт. Вываз лесу, прадуктаў алейнай пальмы, бананаў, какавы, каўчуку. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Піваварны з-д. Хім., дрэваапр., металаапр. прадпрыемствы. Суднарамонт. Рыбалоўства.
т. 3, с. 210
БО́МАНТ
(Beaumont),
горад на Пд ЗША, у штаце Тэхас. Засн. ў 1825. 114 тыс. ж., з г. Порт-Артур і агульнымі прыгарадамі 361 тыс. ж. (1990). Марскі порт (вываз нафтапрадуктаў, хімікатаў, рысу), суднаходным каналам звязаны з Мексіканскім зал. Самы буйны ў ЗША цэнтр нафтаперапрацоўкі. Нафтахім., хім., суднабуд., харч. прам-сць. Чорная металургія. Вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці. Ун-т.
т. 3, с. 211
БО́МБА
(франц. bombe ад лац. bombus шум, гул),
1) адзін з асн. відаў авіяц. боепрыпасаў. Бомбы асн. прызначэння забяспечваюцца выбуховымі рэчывамі, запальнымі саставамі,ядз. або тэрмаядз. зарадамі (вадародныя, нейтронныя і інш. бомбы; гл. Ядзерная бомба, Прамянёвая зброя). Бываюць фугасныя, асколачныя (у т. л. шарыкавыя), супрацьтанкавыя, супрацьлодачныя, запальныя, бранябойныя, хім. і інш. Дапаможныя авіяц. бомбы прызначаны для стварэння дымавых заслонаў, асвятлення мясцовасці, сігналізацыі, навуч. мэтаў і інш. Сучасныя бомбы могуць мець сістэмы тэлекіравання і саманавядзення, аснашчацца для бомбакідання з малых вышынь парашутамі. Маса авіяц. бомбы ад 0,5 кг да 20 т.
2) Марскі боепрыпас для знішчэння падводных лодак, якарных і донных мін, іншых падводных аб’ектаў. Глыбінныя бомбы (упершыню выкарыстаны ў 1915) падзяляюцца на карабельныя (скідваюцца з кармавых бомбаскідальнікаў або выстрэльваюцца з бамбамётаў) і авіяцыйныя (скідваюцца з самалётаў і верталётаў). Маюць звычайныя і ядз. зарады, кантактныя, некантактныя, гідрастатычныя і дыстанцыйныя ўзрывальнікі. Маса 120—250 кг, далёкасць стральбы да 4 км.
3) Устарэлая назва артыл. асколачна-фугаснага снарада масай больш за 16 кг (з меншай масай наз. гранатамі). Выкарыстоўваўся ў 17—19 ст. У гладкаствольнай артылерыі меў сферычны чыгунны корпус, у наразной — прадаўгаваты.
4) Асколачны снарад для стральбы з бамбамётаў у 1-ю сусв. вайну.
5) Назва саматужных снарадаў, зробленых для дыверсійных і тэрарыстычных мэтаў (у б. Расійскай імперыі, напр., выкарыстоўваліся ў тэрарыстычнай дзейнасці нарадавольцаў).
т. 3, с. 211
БО́МУ
(Bomu),
нафтавае радовішча ў Нігерыі. Уваходзіць у Гвінейскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1958. Пачатковыя запасы нафты каля 75 млн. т. Паклады на глыб. 2—2,2 км. Нафтаправод у порт Боні.
т. 3, с. 211