Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯГА́НСКАЯ Галіна Аляксандраўна

(н. 10.5.1934, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыла БПІ (1958). З 1958 у БелНДІдзіпрасельбудзе (з 1970 кіраўнік майстэрні тыпавога і эксперым. праектавання). Сярод работ: праект планіроўкі і забудовы цэнтра (1967—73; у сааўт.), Дом культуры (1967), гасцініца (1970), жылыя дамы (1973), пед. вучылішча (1980) у в. Леніна Горацкага р-на; эксперым. дзіцячыя яслі-сад (1970, у сааўт.) у пасёлках Малеч Бярозаўскага і Замасточча Бярэзінскага р-наў; гандл. Цэнтры (1971) у в. Расна Камянецкага і Верцялішкі Гродзенскага р-наў; клуб у в. Баяры Мядзельскага р-на (1972); коннаспарт. школа ў в. Ратамка Мінскага р-на (1978—80, у сааўт.) і інш.

т. 3, с. 391

БЯГА́НСКАЯ Ядвіга Іосіфаўна

(29.2.1908, Улан-Удэ — 3.4.1992),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1930). Настаўнічала. У 1937 пасля арышту мужа паэта А.Сака арыштавана, у 1938 засуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлена ў лагер на Калыму. У 1948 вярнулася на Беларусь. Рэабілітавана ў 1954. Дэбютавала вершамі ў 1926. Першая аповесць «Далёка на Поўначы» (1954). Кнігі Бяганскай для дзяцей («Жэнеў галубок», 1958; «Зосіна зорачка», 1965; «Кожны марыць стаць Калумбам», 1968; «Сланечнікі», 1980, і інш.) вылучаюцца добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі, назіральнасцю, уменнем займальна будаваць сюжэт. Перакладала з польск. (аповесці Б.Ясенскага «Палю Парыж», 1932; Г.Машынскай-Гофман «Вера і яе таварышы», 1965; Я.Корчака «Кароль Мацюсь Першы», 1970) і славацкай (раманы М.Крно «Я вярнуся жывы», 1960; У.Мінача «Жывыя і мёртвыя», 1961, з А.Мажэйкам; аповесці К.Ярунковай «Брат маўклівага ваўка», 1976; Я.Грушоўскага «Яношак», 1980).

Тв.:

Ля самага сіняга мора. Мн., 1982;

Сонцу і ветру насустрач. Мн., 1988.

т. 3, с. 391

БЯГО́МЛЬ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 30 км ад Докшыц, 37 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Віцебскам, Барысавам, Докшыцамі. 3,4 тыс. ж. (1995).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1582 як сяло ў Мінскім пав ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бягомль у складзе Рас. імперыі. Уваходзіў у Докшыцкі, з 1802 у Барысаўскі пав. Мінскай губ. З 1861 мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У канцы 19 ст. Бягомль — сяло, 470 ж., 43 двары, валасное праўленне, царква, школа, бальніца. У 1918 акупіраваны войскамі Германіі, з 1919 — польскімі войскамі. З 17.7.1924 цэнтр Бягомльскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бягомлі і раёне 3,3 тыс. чал. У ліп. 1941 — вер. 1942 дзейнічала Бягомльскае патрыятычнае падполле. 20.12.1942 партызаны разграмілі ў Бягомлі ням. гарнізон і аднавілі на тэр. раёна сав. ўладу (гл. Бягомльская аперацыя 1942). З сак. 1943 у Бягомлі дзейнічаў партыз. аэрадром. Бягомль вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1960 у Докшыцкім р-не. У 1970 у Бягомлі 2,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы машынабудавання, па вытворчасці буд. матэрыялаў, дрэваапрацоўчыя. Сярэдняя, дапаможная і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі партыз. славы, ахвярам фашызму. Бягомльскі музей народнай славы.

М.В.Батвіннік, В.Л.Насевіч (гісторыя).

т. 3, с. 391

БЯГО́МЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў ліп. 1941 — вер. 1942 на тэр. Бягомльскага р-на Мінскай вобл. Мела 2 групы (каля 20 чал.): маладзёжную ў в. Нябышына (кіраўнік А.Ф.Фрол) і групу ў г.п. Бягомль (арганізавана ў жн. 1941, кіраўнік Я.А.Шаўцоў). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, разведданыя, харчы, здабывалі бланкі дакументаў, удзельнічалі ў сумесных баявых аперацыях, запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. У маі 1942 фашыстамі была раскрыта група ў Бягомлі, многія падпольшчыкі пакараны смерцю. У вер. 1942 палова нябышынскай групы пайшла ў партызаны, астатнія былі сувязнымі партыз. брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.

т. 3, с. 391

БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст.снеж. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш. чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.

т. 3, с. 391

БЯГО́МЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1968, адкрыты ў 1970 у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 474 м²), 13,1 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Бягомльшчыны, Вял. Айч. вайны, пасляваен. аднаўлення гаспадаркі, этнаграфічны. Экспануюцца каменныя сякеры, інш. прылады працы, касцяны гарпун, метал. ўпрыгожанні, знойдзеныя на тэр. раёна, матэрыялы аб падзеях рэвалюцый 1905—07 і 1917, грамадз. вайны. Асн. месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне, у якой матэрыялы пра пачатак вайны, пра падполле і партыз. рух, Барысаўска-Бягомльскую партыз. зону, дыярамы, прысвечаныя партыз. пераправе цераз Бярэзіну і партыз. шпіталю, пра вызваленне Бягомля і раёна воінамі 277-й стралк. дывізіі, землякоў Герояў Сав. Саюза Ф.І.Перхаровіча, А.І.Чарныша, А.Г.Юхнаўца. У этнагр. аддзеле стараж. кросны, саха, барана, узоры старадаўняга адзення, вырабы прыкладнога мастацтва. Сярод экспанатаў творы жывапісу, скульптуры, матэрыялы пра бел. пісьменнікаў П.Панчанку, Ю.Свірку, А.Ставера, кампазітара Н.Сакалоўскага і інш.

т. 3, с. 391

БЯГО́МЛЬСКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—60. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр раёна г.п. Бягомль. Пл. каля 1,4 тыс. км², нас. 28 265 чал. (на 1.1.1925), 296 нас. пунктаў. Падзяляўся на 9 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярэзінскі, Бярозкаўскі, Вітуніцкі, Восаўскі, Глінскі, Домжарыцы, Кадлубішчанскі, Нядальскі. Уваходзіў у Барысаўскую, у 1927—30 у Мінскую, з 1935 у Лепельскую акругі, з 1938 у Мінскай вобл. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 20.1.1960 Бягомльскі раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Докшыцкі, Барысаўскі і Лепельскі р-ны.

т. 3, с. 391

БЯГО́НІЯ

(Begonia),

род кветкавых раслін сям. бягоніевых. Каля 900 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных лясах Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На Беларусі шмат відаў вырошчваюць у аранжарэях, цяпліцах, пакаёвай культуры (напр., бягонія каралеўская — В. rex, Крэднера — В. credneri, металічная — В. metallica, Мэсона — В. masconiana, срэбраплямістая — В. argenteo-quttata і інш.) і адкрытым грунце (напр., бягонія гібрыдная — В. tuberhybrida, заўсёдыквітучая — В. semperflorens і інш.).

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым карэнішчам або клубнем, рэдка кусты або ліяны. Лісце звычайна простае, асіметрычнае, на чаранках. Кветкі розных памераў і афарбоўкі, звычайна яркія, аднаполыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — сухая каробачка з дробным насеннем. Дэкар. расліны (адрозніваюць кустовыя, клубневыя і лісцевыя бягоніі).

т. 3, с. 392

БЯГУ́Н Аляксей Васілевіч

(16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),

удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБ КП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.

Э.А.Карніловіч.

т. 3, с. 392

БЯГУ́Н Уладзімір Якаўлевіч

(1.1.1929, в. Сакі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.6.1989),

бел. філосаф, журналіст. Канд. філас. н. (1977). Скончыў Мінскую ВПШ (1962). Працаваў у рэдакцыях раённых і абласных газет, «Советской Белоруссии», «Голасе Радзімы», на Бел. радыё. З 1979 у Ін-це філасофіі і права АН БССР. Аўтар работ па гісторыі і крытыцы сіянізму і масонства.

Тв.:

Ползучая контрреволюция: Сионизм. Мн., 1974;

Вторжение без оружия. 3-е изд., испр. и доп. Мн., 1980;

Рассказы о «детях вдовы». 2-е нзд., доп. Мн., 1986.

А.І.Валахановіч.

т. 3, с. 392