БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,
фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).
На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.
Ва ўмовах бфзважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан ябзважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.
Літ.:
Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.
А.І.Болсун.
т. 3, с. 393
БЯЗВУ́СІКАВЫЯ НАСЯКО́МЫЯ
(Protura),
атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. У сусв. фауне каля 300 відаў, пашыраны амаль усюды. На Беларусі найб. вядомы бязвусечнік еўрапейскі (Eosentomon transitorum). Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілых ствалах дрэў і пнях.
Даўж. 0,5—2 мм, цела членістае, чэрвепадобнае, малочна-белае або жаўтаватае. Ротавы орган сысучы, уцягнуты ў галаўную капсулу (энтагнатызм). Пярэднія грудныя ногі даўжэйшыя за астатнія, накіраваны ўперад, функцыянальна замяняюць вусікі. У пярэдняй частцы брушка рудыментарныя 1—2-членікавыя канечнасці. Лічынкі падобныя да дарослых, пераўтварэнне зводзіцца да павелічэння колькасці брушных сегментаў. Мяркуюць, што бязвусікавыя насякомыя высмоктваюць сокі з ніжэйшых грыбоў, кормяцца расліннымі і жывёльнымі рэшткамі.
т. 3, с. 393
БЯЗДО́ННАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Іванаўка (цячэ праз возера). За 25 км на З ад Слоніма. Пл. 0,2 км², даўж. 760 м, найб. шыр. 530 м. Пл. вадазбору 1,8 км².
т. 3, с. 393
БЯЗДЫ́МНЫЯ ПО́РАХІ,
нітрацэлюлозныя порахі, кідальныя выбуховыя рэчывы, асн. кампанент якіх нітраты цэлюлозы, пластыфікаваныя арган. растваральнікамі. Падзяляюцца на піраксілінавыя порахі, балістыты і кардыты ў залежнасці ад віду нітрату цэлюлозы і лятучасці растваральніку. Значна перавышаюць дымны порах па ўстойлівасці гарэння і працаздольнасці. Выкарыстоўваюцца ў агнястрэльнай зброі і як ракетнае паліва. Назва па ўтварэнні нязначнай колькасці дыму пры гарэнні.
т. 3, с. 393
БЯЗЗЛІ́ТКАВАЯ ПРАКА́ТКА,
атрыманне металічных пруткоў, загатовак, лістоў ці стужак з вадкага металу, які заліваецца ў зазор паміж гарыз. валкамі, што круцяцца ў розныя бакі. Пры бяззліткавай пракатцы ў адным працэсе спалучаюцца ліццё, крышталізацыя і дэфармацыя металу. Найбольш пашырана бяззліткавая пракатка сталі (гл. Бесперапыннае ліццё металаў і сплаваў).
т. 3, с. 393
БЯЗЗУ́БАЎ Валянцін Іванавіч
(н. 12.4.1939, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1992). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1963). З 1967 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па біятэхніі і заатэхніі гадоўлі свіней, праектаванні свінагадоўчых прадпрыемстваў, праблемах энергазберагальнай і экалагічна чыстай вытв-сці.
Тв.:
Производство свинины на мелких и средних фермах. Мн., 1986 (у сааўт.).
т. 3, с. 393
БЯЗЗУ́БКІ,
анадонты (Anodonta), род прэснаводных малюскаў кл. двухстворкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы. Жывуць у стаячых і з павольнай плынню вадаёмах, поўзаюць па грунце. На Беларусі 5 відаў: бяззубка звычайная (А. cygnea cygnea, найб. пашыраная), бяззубка выцягнутая (А. cygnea cellensis), бяззубка рыбіна (А. cygnea piscinalis), бяззубка качыная (А. cygnea anatina), бяззубка вузкая (Peeudanodonta complanata).
Ракавіна (даўж. да 20 см) з дзвюх авальных створак, злучаных эластычнай звязкай. Замковыя зубы адсутнічаюць (адсюль назва). Рухаюцца з дапамогай клінападобнай нагі. Орган дыхання — шчэлепы. Біяфільтраты, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі і іх рэшткамі. Раздзельнаполыя. Самка выношвае аплодненыя яйцы ў шчэлепах восень і зіму, вясной выходзяць лічынкі (глахідыі) і прымацоўваюцца да покрыва ў шчэлепах рыб, дзе да пераўтварэння ў дарослую асобіну вядуць паразітычны спосаб жыцця. Лічынкамі і моладдзю кормяцца рыбы. Корм для с.-г. Жывёл, ракавіны — сыравіна для галантарэйнай прам-сці.
т. 3, с. 394
БЯЗЗУ́БЫЯ КІТЫ́,
вусатыя кіты (Mysticeti), падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 3 сям.: гладкія кіты (Balaenidae), шэрыя кіты (Eschrichtiidae), паласацікавыя (Balaenopteridae). 10—11 відаў. Найб. вядомыя блакітны кіт, сейвал, фінвал, грэнландскі (палярны) кіт, паўднёвы, шэры, малы паласацік, гарбач. Пашыраны ў Сусветным акіяне. Мігрыруюць.
Даўж. да 33 м, маса да 160 т. Самкі большыя за самцоў. Зубы закладваюцца, але рассыпаюцца ў зародку; замест іх у верхняй сківіцы развіваюцца рагавыя пласціны (180—400 пар), вядомыя пад назвай кітовы вус. Праз яго кіт адцэджвае з вады дробных жывёлін (малюскаў, ракападобных, дробную рыбу), якімі корміцца. Нешматлікія. Колькасць скарачаецца. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў.
т. 3, с. 394
БЯЗЛЮ́ДАЎ Артур Іосіфавіч
(28.4.1934, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.1.1996),
дзярж. дзеяч Беларусі, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1985), праф. (1988). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1963). З 1955 на з-дзе «Чырвоны барацьбіт» у Оршы. У 1957—70 на парт. і камсамольскай рабоце. У 1973—86 міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. З 1994 рэктар Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі і недзярж. ін-та дзелавога адміністравання. Даследаваў праблемы аптымізацыі сістэм кіравання капітальнага буд-ва і гар. гаспадаркі. Дэп. Вярх. Савета Беларусі ў 1975—85.
Тв.:
Стимулирование эффективности и качества труда в ремонтно-строительном производстве. Мн., 1976;
Слагаемые эффективности: Соц.-экон. очерк. Мн., 1982;
Жилищно-коммунальное хозяйство: Проблемы управления. М., 1990.
В.І.Пепяляеў.
т. 3, с. 394
БЯЗЛЮ́ДНЫ Мікалай Мікітавіч
(н. 20.2.1931, с. Ядуты Барзнянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1985). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1960). З 1960 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па пытаннях фосфарнага і азотнага абмену ў раслінах, праблеме пераўтварэння азотных угнаенняў у глебах Беларусі, вытв-сці экалагічна чыстай раслінаводчай прадукцыі. Распрацаваў тэхналогіі выкарыстання азотных угнаенняў пад збожжавыя культуры ў комплексе з інш. сродкамі хімізацыі.
т. 3, с. 394