Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЖАЗІ́НСКІ

(Бжэскі) Адам (1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.

Г.І.Барышаў.

т. 3, с. 137

БЖАЗІ́НСКІ

(Brzezinski) Збігнеў (н. 28.3.1928, Варшава),

амерыканскі сацыёлаг, палітолаг і дзярж. дзеяч. Скончыў ун-т Мак-Гіла ў Манрэалі (Канада, 1949) і Гарвардскі ун-т (1953). У 1977—81 нам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. З 1981 праф. Калумбійскага ун-та і дарадчык Цэнтра стратэг. і міжнар. даследаванняў Джорджтаўнскага ун-та (Вашынгтон). У працы «Паміж двух вякоў. Роля Амерыкі ў тэхнатронную эру» (1970) распрацаваў адзін з варыянтаў тэорыі «пост-індустрыяльнага грамадства», паводле якога новы этап развіцця чалавецтва вызначаецца яго эвалюцыйным пераходам ад ніжэйшай стадыі (аграрнай) да «тэхнатроннай эры» і якаснымі зменамі ў сац.-паліт. і эканам. адносінах. Даследуе сац.-філас. аспекты паходжання, праяўленняў і шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва (глабалістыка). Адзін са стваральнікаў тэорыі таталітарызму. Упершыню сфармуляваў гіпотэзу пра распад камуніст. сістэмы ў Цэнтр. і Усх. Еўропе, даў характарыстыку спецыфікі пераходу былых сацыяліст. краін ад таталітарнай мадэлі развіцця да цывілізаванага грамадства, якое абапіраецца на прынцыпы дэмакратыі і рыначнай эканомікі («Палітычная ўлада: ЗША/СССР», 1964; «Вялікі крах: зараджэнне і смерць камунізму ў XX ст.», 1989, і інш.). Бжазінскі лічыць, што ў новых абставінах ключавымі момантамі ў дзейнасці Захаду павінны стаць палітыка стрымлівання і пашырэнне дэмакр. ўплыву, уключэнне краін Усх. Еўропы ў НАТО, супрацоўніцтва ў галіне бяспекі з Расіяй, садзейнічанне новым незалежным дзяржавам б. СССР у захаванні рэальнага суверэнітэту.

Тв.:

Totalitarian dictatorship and autocracy. Cambridge, 1956 (разам з К.І.Фрыдрых);

Strategy of game. Boston;

New York, 1986.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 3, с. 138

БЖАСТО́ЎСКІ Ігнацы

(1823—75),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. З роду Бжастоўскіх. Вучыўся ў Мінску і Маскве, атрымаў юрыд. адукацыю. Працаваў старшынёй палаты крымінальнага суда ў Магілёве. У маі 1862 удзельнічаў у з’ездзе «белых» у Вільні як прадстаўнік Магілёўскай губ. У час паўстання чл. грамадз. камісіі ў Сенненскім пав., магілёўскі паўстанцкі ваявода. Распаўсюджваў сярод сялян нелегальную л-ру на бел. і польск. мовах. У канцы 1863 арыштаваны, пасля следства сасланы ў Енісейскую губ., там і памёр.

т. 3, с. 138

БЖАСТО́ЎСКІ Канстанцін Казімір

(1644—кастр. 1722),

царкоўны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Д-р тэалогіі (1669). З роду Бжастоўскіх. З 1661 канонік віленскі, з 1664 кафедральны прапаведнік. Вышэйшую багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме. З 1671 сакратар ВКЛ, настаяцель касцёла ў Троках, пісар ВКЛ. З 1684 біскуп смаленскі, у 1687—1722 біскуп віленскі. Адзін з ініцыятараў вынясення смяротнага прыгавору К.Лышчынскаму ў 1689. Падтрымліваў каралёў Яна III Сабескага і Аўгуста II у паліт. барацьбе супраць групоўкі кн. Сапегаў. У 1705 пры сустрэчы ў Верках (каля Вільні) з Пятром І спрабаваў абараніць уніятаў ад царскіх ганенняў. Разам з б. сваім ворагам Казімірам Сапегам уступіў у Віленскую канфедэрацыю 1716 супраць саксонскай дынастыі. Фундаваў і асвяціў шмат касцёлаў. Спрыяў уніятам, нецярпіма ставіўся да дысідэнтаў. Аўтар багаслоўскіх твораў.

т. 3, с. 138

БЖАСТО́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:

Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.

Канстанцін Казімір, гл. Бжастоўскі К.К.

Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.

Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.

Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.

Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл. Паўлаўская рэспубліка).

Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.

Ігнацы, гл. Бжастоўскі І.

А.П.Грыцкевіч.

т. 3, с. 138