БЖАСТО́ЎСКІ Канстанцін Казімір

(1644—кастр. 1722),

царкоўны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Д-р тэалогіі (1669). З роду Бжастоўскіх. З 1661 канонік віленскі, з 1664 кафедральны прапаведнік. Вышэйшую багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме. З 1671 сакратар ВКЛ, настаяцель касцёла ў Троках, пісар ВКЛ. З 1684 біскуп смаленскі, у 1687—1722 біскуп віленскі. Адзін з ініцыятараў вынясення смяротнага прыгавору К.Лышчынскаму ў 1689. Падтрымліваў каралёў Яна III Сабескага і Аўгуста II у паліт. барацьбе супраць групоўкі кн. Сапегаў. У 1705 пры сустрэчы ў Верках (каля Вільні) з Пятром І спрабаваў абараніць уніятаў ад царскіх ганенняў. Разам з б. сваім ворагам Казімірам Сапегам уступіў у Віленскую канфедэрацыю 1716 супраць саксонскай дынастыі. Фундаваў і асвяціў шмат касцёлаў. Спрыяў уніятам, нецярпіма ставіўся да дысідэнтаў. Аўтар багаслоўскіх твораў.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)