БІ...
[лац. bi... дву(х)... ад bis двойчы],
прыстаўка, што абазначае: які складаецца з 2 частак, мае 2 прыкметы, напр. біметал, біплан.
т. 3, с. 138
БІ́БІК Фёдар Цярэнцьевіч
(1910, в. Майская Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 5.5.1945),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну сапёр яфрэйтар Бібік вызначыўся ў баях за вызваленне Украіны ў ліп. 1944 і Польшчы ў жн. 1944, студз. 1945. Загінуў у баі.
т. 3, с. 138
БІ́БІКАЎ Васіль Мікалаевіч
(17.1.1910, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 3.9.1992),
савецкі военачальнік. Ген.-лейт. авіяцыі (1954). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі ў 1936—37: лётчык, камандзір звяна, атрада. Са снеж. 1937 камандзір авіяц. брыгады, ст. нам. інспектара ВПС Чырв. Арміі. З 1940 камандуючы ВПС арміі. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 камандуючы паветр. арміяй Далёкаўсх. фронту. Удзельнік разгрому японскай Квантунскай арміі ў 1945. Да 1961 у ВПС СССР.
т. 3, с. 138
БІБІ́ЛА Пётр Мікалаевіч
(н. 7.7.1953, в. Нацавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1974). З 1975 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па метадах, алгарытмах і праграмных комплексах для сінтэзу лічбавых прыстасаванняў і сістэм, аўтаматызацыі праектавання рэгулярных структур для звышвялікіх інтэгральных схем.
Тв.:
Синтез комбинационных схем методами функциональной декомпозиции. Мн., 1987 (разам з С.В.Еніным);
Синтез комбинационных ПЛМ-структур для СБИС. Мн., 1992.
М.П.Савік.
т. 3, с. 138
БІБІ́ЛА Юлія Іосіфаўна
(10.1.1897, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1974),
бел. бібліёграф. Скончыла БДУ (1925). З 1922 заг. бел. аддзела Дзярж. б-кі БССР. У 1937—59 гал. бібліёграф б-кі Саратаўскага ун-та. З 1959 у Мінску. Камплектавала рэспубліказнаўчы і краязнаўчы кніжныя фонды, збірала кнігі на бел. мове, выдадзеныя на Беларусі і за яе межамі. Распачала бібліягр. рэгістрацыю друку БССР, складанне 1-й у рэспубліцы краязнаўчай бібліягр. картатэкі. Склала бібліяграфію твораў Ц.Гартнага (у зб. «Ц.Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928), надрукавала матэрыялы да біяграфіі Цёткі (у час. «Запіскі аддзела гуманітарных навук», 1928, кн. 2. Працы класа філалогіі, т. 1).
т. 3, с. 138
БІБІ́-ХАНЫ́М,
ансамбль архітэктурных помнікаў пач. 15 ст. ў Самаркандзе. Уключае грандыёзную саборную мячэць Цімура, пабудаваную ў 1399—1404. Захаваліся рэшткі манументальнага ўваходу-пештака з мінарэтамі, гал. і бакавых будынкаў, перакрытых купаламі. Мячэць мела двор (78×64 м), абведзены галерэямі з 389 купаламі і аркамі на мармуровых калонах; была багата ўпрыгожана кафляй, разным мармурам, размалёўкай. Насупраць мячэці ўзвышалася медрэсэ Сараі-Мульк-Ханым (захаваўся вуглавы 8-гранны маўзалей, дэкарыраваны кафляй і размалёўкай).
т. 3, с. 139
БІБІ́-ХЕКІМЕ́,
газанафтавае радовішча ў Іране, адно з буйнейшых у свеце. За 68 км на ПнУ ад порта Генаве. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1961, распрацоўваецца з 1965. Паклады на глыб. 1 — 2 км. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1,1 млрд. т, газу 255 млрд. м³. Шчыльн. нафты 845 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Нафтаправод да нафтаналіўнога порта на в-ве Харк.
т. 3, с. 139
БІ́БЛ
(акадскае Губл, стараж.-яўр. Гебал),
старажытны горад і порт у Фінікіі (цяпер г. Джубейль, Ліван). З 6-га тыс. да н.э. невял. гандлёва-рамесны цэнтр, праз які Егіпет вывозіў з Фінікіі лес. У 4—2-м тыс. да н.э. гандл. (ліванскі кедр, медзь) і рэліг. (месца культу Адоніса) цэнтр; апрацоўка папірусу — адсюль назва (грэч. byblos кніга). У 16—13 ст. да н.э. быў залежны ад Егіпта, але меў сваіх цароў. У канцы 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне, пазней яго неаднаразова падпарадкоўвалі Асірыя і Вавілонія. У 11—9 ст. да н.э. вёў барацьбу з Цірам і Сідонам за панаванне ў Фінікіі. Пры Ахеменідах і ў эліністычна-рымскі перыяд перажываў уздым, чаканіў манету, меў самакіраванне. З 7 ст. н.э. араб. горад.
Раскопкамі выяўлены надпісы на каменных і бронзавых прадметах (гл. Біблскае пісьмо), рэшткі храма багіні Баалат Гебал (2-е тыс. да н.э.), саркафаг цара Ахірама з раннеалфавітным надпісам 13 ст. да н.э., каля 1800 пахаванняў, дамы багатых гараджан, шмат вырабаў з медзі, серабра, золата.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 139
«БІБЛІОТЭ́КА ВАРША́ВСКА»
(«Biblioteka Warszawska»),
польскі навук.-літ. штомесячнік. Выдаваўся ў 1841—1914 у Варшаве на польск. мове. Да заснавання час. «Атэнэум» (1876) быў адзіным у Варшаве навук. выданнем энцыклапедычнага характару. Друкаваў працы па гісторыі, філасофіі, этнаграфіі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, прам-сці, біяграфіі польск. і зарубежных дзеячаў, хроніку, крытычныя артыкулы, агляды перыяд. друку, бібліягр. звесткі. Змяшчаў таксама артыкулы па гісторыі, фальклоры, этнаграфіі, геаграфіі і гаспадарцы Беларусі. Выйшла 295 тамоў (кожны том складаўся з 3 сшыткаў).
А.Ф.Літвіновіч.
т. 3, с. 139