БІ́МАН
(Beamon) Роберт (н. 29.8.1946, Нью-Йорк),
амерыканскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1968 у скачках у даўжыню. Сусв. рэкорд (8,90 м), які ўстанавіў Біман на гэтым турніры, трымаўся 23 гады і лічыцца адным з найвышэйшых дасягненняў у гісторыі лёгкай атлетыкі. Лепшы спартсмен свету 1968.
т. 3, с. 153
БІМЕТА́Л
[ад бі... + метал(ы)],
матэрыял з двух трывала злучаных слаёў розных металаў ці сплаваў. Найб. пашыраны біметал са сталі з меддзю, нікелем, іх сплавамі і алюмініем. Вырабляюць адначасовай пракаткай ці прасаваннем двух металаў, заліўкай легкаплаўкага металу па тугаплаўкім ці апусканнем вырабу з тугаплаўкага металу ў расплаў лёгкага, гальванічным спосабам, наплаўкай метадам эл. ці плазмавага нагрэву, зваркай выбухам. Выкарыстоўваюць для павелічэння трываласці, гарачаўстойлівасці канструкцый, зніжэння іх масы, як спец. матэрыялы ў машынабудаванні, электра-, радыё- і цеплатэхніцы.
т. 3, с. 153
БІМЕТАЛІ́ЗМ,
грашовая сістэма, пры якой за двума металамі — золатам і серабром — заканадаўча замацавана роля ўсеагульнага грашовага эквівалента. Манеты з гэтых металаў выконвалі ўсе функцыі грошай і нараўне ўдзельнічалі ў абарачэнні. Існавалі 2 разнавіднасці біметалізму: сістэма паралельнай валюты (вартасныя суадносіны паміж золатам і серабром устанаўліваліся стыхійна ў адпаведнасці з іх рыначнай вартасцю) і сістэма адной валюты (вызначаўся парытэт паміж серабром і золатам).
Біметалізм узнік у сярэднявеччы і быў найб. пашыраны ў Зах. Еўропе ў 16—19 ст., калі з развіццём капіталізму павялічваўся попыт на золата і серабро. Сістэма двайной валюты існавала ў ЗША з канца 18 ст. да 1873, у Францыі — з пач. 19 ст. Ва ўмовах біметалізму папяровыя грошы свабодна абменьваліся на золата і серабро, таму валютны запас краін складаўся з 2 гэтых металаў. Аднак біметалізм не адпавядаў патрэбам развітой таварнай гаспадаркі і супярэчыў самой прыродзе грошай як адзінага тавару, прызначанага выконваць ролю ўсеагульнага эквіваленту. Таму быў ажыццёўлены пераход ад залатога монаметалізму.
т. 3, с. 153