БІПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад бі... + грэч. polos полюс) у экалогіі, геаграфічнае пашырэнне жывых арганізмаў адзінага віду ў халодных і ўмераных шыротах абодвух паўшар’яў (напр., мідыі, акулы, анчоўсы, кількі, коцікі, кіты, сардзіны, вушастыя цюлені, шэрыя дэльфіны і інш.) і іх адсутнасць у трапічным поясе.
т. 3, с. 155
БІПАТРЫ́ДЫ (ад бі... + грэч. patris (patridos) айчына, радзіма], біпаліды, у міжнародным праве асобы, якія адначасова знаходзяцца ў грамадзянстве двух і больш дзяржаў, г. зн. маюць двайное грамадзянства. Адбываецца пераважна з-за разыходжання законаў аб грамадзянстве розных дзяржаў. Сучаснае міжнар. права не валодае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыяй пытанняў, што ўзнікаюць у сувязі з біпатрыдамі.
т. 3, с. 155
БІПЛА́Н
(ад бі... + план),
самалёт з двума крыламі, якія размешчаны адно над адным з двух бакоў фюзеляжа. Да 1930-х г. схема біплана была пераважнай для вучэбных, знішчальных і разведвальных самалётаў. Пазней біплан выцеснены манапланамі. У краінах СНД біплан (Ан-2, Ан-24) выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, для мясц. перавозак і інш., за мяжой — у с.-г. і спарт. авіяцыі.
т. 3, с. 155