Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІН

(Bean) Алан (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.Конрадам і Р.Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.Гэрыётам і Дж.Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.

т. 3, с. 153

БІНАКУЛЯ́РНЫ ЗРО́К,

зрок абодвума вокамі і фарміраванне пры гэтым адзінага зрокавага ўспрымання (відарысу) аб’екта. Дае магчымасць вызначыць таксама ўзаемнае размяшчэнне прадметаў у прасторы, зрокава меркаваць аб іх аддаленасці. Пры бінакулярным зроку вочы размешчаны так, што адлюстраванне аб’екта трапляе на ідэнтычныя, сіметрычна размешчаныя ўчасткі сятчаткі абодвух вокаў. Калі адлюстраванне выявіцца на несіметрычных участках, вочы рэфлекторна паварочваюцца, пакуль сіметрыя не будзе дасягнута. Адзнака аддаленасці прадметаў і іх узаемнага размяшчэння адбываецца ў кары галаўнога мозга на аснове аналізу і сінтэзу сукупнасці нерв. імпульсаў, якія зыходзяць з сеткаватых абалонак і вочных мышцаў.

т. 3, с. 153

БІНАМІНА́ЛЬНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА,

гл. Бінарная наменклатура.

т. 3, с. 153

БІНАМІЯ́ЛЬНАЕ РАЗМЕРКАВА́ННЕ,

размеркаванне імавернасцяў ліку здарэнняў некаторай падзеі («поспеху») пры паўторных незалежных выпрабаваннях, калі пры гэтым вядома імавернасць кожнай такой падзеі. Для выпадковай велічыні, што прымае цэлыя значэнні k=1,2, ..., n з імавернасцю кожнай падзеі, роўнай p, імавернасць таго, што пры чарговым выпрабаванні будзе k=m, мае выгляд pm = C m n pm (1-p)m−n , дзе Cmnбінаміяльныя каэфіцыенты (адсюль і назва). Пры невял. выпрабаванняў для разлікаў карыстаюцца спец. табліцамі бінаміяльнага размеркавання, пры вялікай — бінаміяльнае размеркаванне набліжаецца да нармальнага размеркавання і можна карыстацца набліжанымі формуламі.

т. 3, с. 153

БІНАМІЯ́ЛЬНЫЯ КАЭФІЦЫЕ́НТЫ , каэфіцыенты ў формуле раскладання Ньютана бінома па ступенях незалежнай пераменнай. Абазначаюцца Cmn і вызначаюцца па формуле Cmn = n (n 1)  ...  (n m + 1) m! , дзе n — ступень бінома (любы сапраўдны або камплексны лік; гл. Бінаміяльны шэраг), m — ступень незалежнай пераменнай ( 0 m n ) . Калі n — цэлы лік, то Cmn = n! m (n m) ! .

т. 3, с. 154

БІНАМІЯ́ЛЬНЫ ШЭ́РАГ,

бесканечны ступенны шэраг, які з’яўляецца абагульненнем Ньютана бінома на выпадак дробавых і адмоўных паказчыкаў ступені: (1 + x) α = 1 + αx + ... + Cmαxm + ... , дзе Cmαбінаміяльныя каэфіцыенты. Бінаміяльны шэраг збежны: пры −1<x<1, калі α<−1; пры −1<x<1, калі −1<m<0; пры −1x1, калі α>0. Лічаць, што ўпершыню бінаміяльны шэраг уведзены І.Ньютанам (1664—65). Даследаванне збежнасці бінаміяльнага шэрагу праведзена Н.Абелем (1826).

т. 3, с. 154

БІНАРМА́ЛЬ,

гл. ў арт. Нармаль.

т. 3, с. 154

БІНА́РНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА

(ад лац. binarius двайны),

бінамінальная наменклатура, у сістэматыцы жывых арганізмаў назва відаў двайным імем паводле роду і віду. Упершыню ўведзена К.Лінеем (1758). Садзейнічала уніфікацыі назваў жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Ліней прапанаваў абазначаць віды лац. назвамі: 1-е слова (назва роду — назоўнік) пішацца з вял. літары, 2-е, што абазначае сам від, — з малой. Да двайной назвы віду дадаецца поўнае або скарочанае імя вучонага, які ўпершыню апісаў дадзены від. Напр., вінаград скальны — Vitis rupestris Scheele, пчала меданосная — Apis mellifera L.,, воўк — Canis lupus L.,, дзе L. — імя Лінея. Бінарная наменклатура замацавана міжнар. кодэксамі наменклатуры і прынята Міжнар. саюзам біял. навук.

Літ.:

Международный кодекс зоологической номенклатуры: Пер. с англ. и фр. 3 изд. Л., 1988.

І.К.Лапацін.

т. 3, с. 154

БІНА́РНАЯ СІСТЭ́МА ЗЛІЧЭ́ННЯ,

гл. Двайковая сістэма злічэння.

т. 3, с. 154

БІНА́РНЫЯ СПЛА́ВЫ,

двухкампанентныя сплавы з металаў ці з металу і неметалу.

т. 3, с. 154