БІХА́Р,
штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс. км². 86,3 млн. чал. (1994), каля 2/3 — біхарцы. Адм. ц. — г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс. выш. больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 мм за год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл. Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч. прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.
т. 3, с. 163
БІ́ХАР
(Bihor),
горны масіў на З Румыніі, частка Заходніх Румынскіх гор. Выш. да 1848 м (г. Куркубэта). Пераважаюць пакатахвалістыя хрыбты і масівы. Ускраіны моцна расчлянёныя скідамі. Патухлыя вулканы. Складзены з крышт. сланцаў, гранітаў мезазойскіх пясчанікаў, кангламератаў, гліністых сланцаў, вапнякоў. Радовішчы жал. руды, баксітаў. Шыракалістыя і хваёвыя лясы.
т. 3, с. 163
БІХА́РСКІ СЛЮДАНО́СНЫ РАЁН,
у Індыі (штат Біхар), буйнейшы ў свеце. Даўж. 160 км, шыр. 16—25 км. Асваенне з 1848. Пегматытавыя жылы плагіяклаз-кварц-мускавітавага саставу залягаюць пераважна ў слюдзяных сланцах. Колькасць буйнакрышт. мускавіту ў жыльнай масе да 180 кг/м³, выхад ліставой слюды з сырцу каля 17%. Як спадарожныя здабываюць берыл, калумбіт, уранініт. Гал. пастаўшчык на сусв. рынак ліставой высакаякаснай слюды рубінавага колеру (бенгальская слюда). Фабрыкі ў г. Кодарма і Гірыдых.
т. 3, с. 163
БІХЕВІЯРЫ́ЗМ
(ад англ. behaviour паводзіны),
адзін з пашыраных кірункаў у сучаснай зах. псіхалогіі. Засн. у 1913 амер. псіхолагам Дж.Уотсанам. Эксперым. асновай біхевіярызму паслужылі даследаванні амер. псіхолагам Э.Торндайкам паводзін жывёл. Працягваючы механістычны кірунак у псіхалогіі, біхевіярызм атаясамліваў свядомасць і паводзіны, зводзіў псіхічныя з’явы да рэакцый арганізма, а ўсё пазнанне — да ўтварэння ў арганізмах (уключаючы і чалавека) умоўных рэакцый. У 1920-я г. біхевіярызм распаўся на шэраг кірункаў, якія спалучалі асн. дактрыну з элементамі інш. тэорый (гештальтпсіхалогіі, псіхааналізу), узнік неабіхевіярызм. Ідэі біхевіярызму паўплывалі на лінгвістыку, антрапалогію, сацыялогію, семіётыку і сталі адным з вытокаў кібернетыкі.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
т. 3, с. 163