Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІДЖАПУ́Р,

феадальная дзяржава (султанат) у паўд.-зах. Дэкане (Індыя) у 1489—1686. Засн. бахманідскім намеснікам Юсуф Адзіл-ханам, які паклаў пачатак дынастыі Адзіл-шахаў. Біджапур быў аслаблены паўстаннямі маратхаў пад кіраўніцтвам Шываджы і войнамі з Маголамі. З 1599 у складзе віцэ-каралеўства Дэкану. У 1686 падпарадкаваны дзяржавай Вялікіх Маголаў.

т. 3, с. 147

БІ́ДЛ

(Beadle) Джордж Уэлс (22.10.1903, Уаху, штат Небраска, ЗША — 9.6.1989),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Небраскі (1926) і Корнелскі (1931) ун-ты. З 1931 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1936 у Гарвардскім ун-це. З 1937 праф. Станфардскага ун-та, у 1946—61 — Каліфарнійскага тэхнал. ін-та, да 1968 прэзідэнт Чыкагскага ун-та. Навук. працы па біяхім. генетыцы. Адзін з аўтараў (1941) фундаментальнай канцэпцыі: «адзін ген — адзін фермент» (кожны ген адказвае за сінтэз толькі аднаго фермента). Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Э.Тэйтэмам і Дж.Ледэрбергам).

т. 3, с. 147

БІ́ДСТРУП

(Bidstrup) Херлуф (10.9.1912, Берлін — 1988),

дацкі мастак-карыкатурыст. Ганаровы чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў АМ у Капенгагене (1931—35). Аўтар серый гумарыстычных і сатыр. рысункаў на быт. тэмы і паліт. карыкатур. Вострыя, выразныя рысункі часта складаюць цэласнае выяўленчае апавяданне. Серыйныя рысункі мастака неаднаразова выдаваліся асобнымі альбомамі ў Даніі і інш. краінах. Стварыў таксама серыі замалёвак з паездак па Чэхаславакіі (1948, 1952), СССР (1952) і інш. краінах.

Тв.:

Рус. пер. — Рисунки. Т. 1—4. 2 изд. М., 1969—70.

Літ.:

Херлуф Бидструп: Избранное: Полит. карикатуры...: [Пер. с дат.]. 2 изд. М., 1982.

т. 3, с. 147

БІДЫСТЫЛЯ́Т,

дыстыляваная вада, атрыманая падвойнай перагонкай звычайнай вады.

т. 3, с. 147

БІ́ДЭР

(Ішувук) Герман (н. 21.10.1941, Маркерсдорф, Аўстрыя),

аўстрыйскі славіст. Д-р філасофіі (1970), з 1986 д-р габілітаваны. Скончыў Венскі ун-т (1970). З 1971 у Зальцбургскім ун-це. Даследуе сінхронную і дыяхронную лінгвістыку, моўныя кантакты, гісторыю мовы, моўную палітыку: «Нямецкія словаўтваральныя элементы ў славянскіх мовах» (т. 1—2, 1985) і інш. Непасрэдна бел. тэматыцы прысвечаны артыкулы «Літоўскі статут 1529 г.» (1973), «Літоўскі статут 1588 г.» (1974), «Першае і другое адраджэнне беларускай мовы і культуры» (1991), «Моўная сітуацыя ў Беларусі» (1993). Прачытаў у Зальцбургскім ун-це курс лекцый «Беларуская мова для русістаў» (1982).

Тв.:

Sprachenpolitische Tendenzen in Weissrussland. Vien, 1995.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 3, с. 147

БІ́ДЭРМЕЕР , бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier), кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.Ф.Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.П.Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.

Літ.:

Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.

т. 3, с. 147