БІГО́САВА,
вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Росіца. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс. За 18 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, 193 км ад Віцебска. 2126 ж., 858 двароў (1995). Завод акц. т-ва «Інвет» па выпуску вет. інструменту. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 2,5 км ад Бігосава зоаветэрынарны тэхнікум. Чыг. вакзал (1924—26) — помнік архітэктуры стылю «мадэрн».
т. 3, с. 146
БІГ-БЭ́НД
(англ. big band),
тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.Дорсі, А.Шоу, Ч.Уэба, К.Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.Гараняна, А.Крола (Расія), К.Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.
т. 3, с. 146
БІГ-БЭ́НД
(Big Bend),
нацыянальны парк у ЗША, у «вял. лукавіне» р. Рыо-Грандэ, штат Тэхас; біясферны рэзерват. Засн. ў 1935. Пл. 287 тыс. га. Ландшафты горных (выш. ад 500 да 2388 м) і нізінных пустыняў з сукулентамі (агава, кактусы, апунцыя і інш.), зараснікі хмызняку і ўчасткі лесу. У складзе фауны — пекары, чарнахвосты алень, пума. Аб’ект турызму.
т. 3, с. 146