БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА
(БГТ),
Беларускае рэспубліканскае навукова-тэхнічнае геалагічнае таварыства, добраахвотная незалежная творчая грамадская арг-цыя. Засн. ў 1991. Аб’ядноўвае спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні нетраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спец. геал. навуч. устаноў. Асн. мэты: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці геолагаў і нафтавікоў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў т-ва; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі і спецыялістамі ў галіне геалогіі і нафтаздабычы з інш. дзяржаў. У БГТ уваходзяць (1996) т-вы мінералагічнае і палеанталагічнае, секцыі нафтавай геалогіі, водных рэсурсаў, геатэхналогіі, дыстанцыйных даследаванняў, карысных выкапняў, распрацоўкі геафіз. апаратуры, геаэкалагічнага картавання, работы з моладдзю, а таксама антрапагенавая, тэктанічная, геахім., геамарфалагічная камісіі і рэдакцыйна-выдавецкі савет. З 1994 выдае навук. час. «Літасфера» (сумесна з АН Беларусі).
т. 2, с. 395
БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Польшчы, грамадская арг-цыя, якая праводзіць культ.-асв. работу сярод бел. насельніцтва Польшчы. Засн. ў 1956. Гал. праўленне ў Беластоку; з 1957 там вядзе радыёперадачы на бел. мове. Асн. віды дзейнасці — літ., асв., культ., выдавецкая, навук., лектарская. Садзейнічала стварэнню кафедры бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це. Пры БГКТ працуюць літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», 35 калектываў маст. самадзейнасці, клубы, бібліятэкі. Выдае «Беларускі каляндар» (штогод), газ. «Ніва», рэпертуарныя зборнікі. Арганізоўвае культ.-маст. фестывалі, святы, з 1989 — адпачынак моладзі на Беларусі.
В.А.Трыгубовіч.
т. 2, с. 395
БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Санкт-Пецярбургу, грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989. Праводзіць навук. канферэнцыі, творчыя сустрэчы, лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, культ.-асв. работу. Мае філіялы — Т-ва бел. мовы імя Ф.Скарыны і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў. У 1992 намаганнямі БГКТ на месцы масавых расстрэлаў сав. грамадзян у г.п. Левашова пастаўлены памятны крыж ахвярам з Беларусі і Літвы, падрыхтавана кніга «Мартыралог беларусаў Ленінграда». Прымае ўдзел у міжнар. і бел. навук. канферэнцыях, з’ездах беларусаў свету і блізкага замежжа і інш. Калектыў мастакоў «Маю гонар» наладжвае выстаўкі ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 395
БЕЛАРУ́СКАЯ ГЕОЛАГАРАЗВЕ́ДАЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ
(БГРЭ),
вытворчая арг-цыя па правядзенні пошукавых і разведачных работ на цвёрдыя карысныя выкапні на тэр. Беларусі. Створана ў г. Слуцк у 1949 як Старобінская геолагаразведачная экспедыцыя для разведкі Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. З 1955 Паўд.-Бел. геолагаразведачная экспедыцыя, з 1970 сучасная назва. Уваходзіць у ВА «Беларусьгеалогія». Уключае 4 палявыя партыі (1995): Заходнюю, Мінскую, Аршанскую і Паўднёвую. Асн. віды дзейнасці: пошук і разведка радовішчаў калійных соляў, бурага вугалю, жал. руды, буд. матэрыялаў, алмазаў.
П.З.Хоміч.
т. 2, с. 408
БЕЛАРУ́СКАЯ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ
(БГГЭ),
вытворчая арг-цыя па правядзенні геолагаздымачных і пошукавых работ. Створана ў 1956 у г. Мінск як Геолага-гідрагеал. здымачная экспедыцыя. З 1966 Бел. геолага-гідрагеал. трэст, з 1971 Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыя, з 1982 Бел. геолага-пошукавая экспедыцыя, з 1988 сучасная назва. Уваходзіць у ВА «Беларусьгеалогія». У складзе БГГЭ 4 палявыя партыі (1995): Усх. гідрагеал., Зах. пошукава-здымачная, Паўн. гідрагеал., Цэнтр. гідрагеал. і Лабараторыя прамывачных вадкасцяў. Асн. віды дзейнасці: пошукі і разведка падземных водаў для гасп., прамысл. і бальнеалагічнага выкарыстання, рэгіянальныя геолага-здымачныя, гідрагеал., інж.-геал. і экалагічныя работы.
т. 2, с. 408
БЕЛАРУ́СКАЯ ГУМАНІТА́РНАЯ ПА́РТЫЯ
(БГП),
палітычная партыя, якая ставіць за мэту гуманізацыю дзяржавы і грамадства. Утворана ў 1994. Дзейнічае на прынцыпах дэмакратыі і публічнасці. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Дасягненне праграмных задач бачыць ва ўдзеле ў органах дзярж. улады, выдавецкай дзейнасці, у правядзенні лекцый, мітынгаў, дэманстрацый, вулічных шэсцяў, пікетаў і інш. Для вырашэння сац. праблем лічыць неабходным выкарыстанне патэнцыялу, закладзенага у самім чалавеку, лепшых інтэлектуальных сіл народа.
А.А.Дзмітрук.
т. 2, с. 410
БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.
Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл. мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.
Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.
т. 2, с. 439