Б’ЕФ
(франц. bief),
частка вадаёма, ракі або канала, размешчаная каля воданапорнага збудавання (плаціны, шлюза) вышэй па цячэнні (верхні б’еф) або ніжэй (ніжні б’еф).
т. 3, с. 132
Б’ЁНДА
(Biondo) Флавіо (1392, г. Фарлі, Італія — 4.6.1463),
італьянскі гуманіст, гісторык. Упершыню вылучыў сярэднія вякі як асобны перыяд гісторыі. У сваёй гал. працы «Тры дэкады гісторыі ад падзення Рымскай імперыі» выклаў у храналагічным парадку гісторыю сярэдневяковай Еўропы (1412—1440). Адзін з першых імкнуўся выпрацаваць крытэрыі дакладнасці гіст. крыніц, увёў дэскрыптыўна-факталагічны падыход да гістарыяграфіі. Працы «Адноўлены Рым» (1444—46), «Апісанне Італіі па раёнах і правінцыях» (1453) заклалі асновы гіст. геаграфіі і гіст. Тапаграфіі.
т. 3, с. 135
Б’ЁРКНЕС
(Bjerknes) Якаб (2.11.1897, Стакгольм — 7.7.1975),
нарвежскі метэаролаг. З 1931 праф. ін-та геафізікі ў Бергене (Нарвегія), э 1940 праф. ун-та ў Каліфорніі. Разам з бацькам (Вільгельмам Б’ёрнесам) сфармуляваў тэорыю цыклонаў, на якой базіруецца сучаснае прагназаванне надвор’я. Аўтар прац па дынамічнай і сінаптычнай метэаралогіі.
т. 3, с. 136
Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,
паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.М.Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.
т. 3, с. 136
Б’ЁРЛІНГ
(Björling) Юхан Юнатан (Юсі; 2.2.1911, Стура-Туна, лен Копарберг, Швецыя — 9.9.1960),
шведскі спявак (лірыка-драм. тэнар); адзін з буйнейшых спевакоў 20 ст., прадстаўнік бельканта. Вучыўся ў бацькі — Давіда Б’ёрлінга (тэнар), у кансерваторыі (1928—30) і Каралеўскай опернай школе (1930—31) у Стакгольме. У 1930—38 саліст Шведскай каралеўскай оперы, з 1938 спяваў у т-ры «Метраполітэн-опера» і інш. т-рах Амерыкі і Еўропы. Сярод партый: Фларэстан («Фідэліо» Л.Бетховена), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Матс («Нявеста» Т.Рангстрэма), Марцін Скарп («Фаналь» К.Атэрберга). Выконваў швед. нар. песні і сольныя партыі ў араторыях пад кіраўніцтвам А.Тасканіні.
т. 3, с. 136
Б’ЁРНСАН
(Bjørnson) Б’ёрнстэрнеМарцініус (8.12.1832, Квікне, Нарвегія — 26.4.1910),
нарвежскі пісьменнік, грамадскі і тэатр. дзеяч. Узначальваў Нарвежскі тэатр у Бергене (1857—58) і Крысціянійскі тэатр (1865—(58), аддаваў перавагу нац. рэпертуару. Вядомы як майстар патрыят. лірыкі (у т. л. тэксту нарв. нац. гімна «Так, мы любім гэты край», 1859). Аўтар рамант. аповесцяў з сял. жыцця «Сюнёве Сульбакен» (1857), «Арне» (1859), «Марш для нявесты» (1877) і інш., нац.-гіст. («Паміж бітвамі», 1857; «Кароль Сверэ», 1861; «Сігурд Злосны», 1862, і інш.) і сац.-крытычных драм («Банкруцтва», «Рэдактар», абедзве 1875; «Кароль», 1877, «Звыш нашых сіл», ч. 1—2, 1883—95), твораў з маральнай праблематыкай (п’есы «Рукавічка», 1883; «Геаграфія і Любоў», 1885, і інш.; раманы «Сцягі ў горадзе і ў порце», 1884; «Божым шляхам», 1889; «Мэры», 1906). Нобелеўская прэмія 1903.
Тв.:
Бел. пер. — Бялявая нарвежка // Наша слова. 1993. № 34;
Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—12. Киев;
Харьков, 1893—97;
Избранное. М., 1959;
Пьесы. Л.; М., 1961.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 3, с. 137
«Б’Ю́ІК»
(Buick),
марка легкавых аўтамабіляў, што выпускаюцца аднайменнай амер. фірмай з 1902 (з 1908 у складзе канцэрна «Джэнерал мотарс»), У 1995 вырабляліся аўтамабілі з магутнасцю рухавіка ад 86 да 153 кВт; найб. скорасць руху 175—200 км/гадз.
т. 3, с. 388